BE RU EN

БЧ уводзіць новы графік руху цягнікоў

  • 22.05.2013, 12:54

З 26 траўня на Беларускай чыгунцы ўводзіцца графік руху цягнікоў на 2013/2014 гады.

Пра гэта БелаПАН паведамілі ў прэс-службе БЧ.

Графік прадугледжвае захаванне існуючых маршрутаў у паўднёвым кірунку ў паведамленні з Сімферопалем, Еўпаторыяй, Марыупалям, Варнай, а таксама маршрутаў у паведамленні з Расеяй і краінамі Балтыі.

У перыяды масавых (летніх, канікулярных, святочных) перавозак таксама плануецца прызначэнне дадатковых цягнікоў і бесперасадачныя вагоны, якія курсуюць як унутры краіны (у кірунку Гомеля, Брэста, Гродна), так і ў міжнародным паведамленні (у кірунку Масквы, Санкт-Пецярбурга).

Акрамя таго, традыцыйна ў сувязі з правядзеннем Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», які запланаваны на 11-17 ліпеня, разглядаецца прызначэнне спецыяльнага цягніка Менск - Віцебск. Яго расклад будзе ўзгоднены з праграмай правядзення свята.

З уводам новага графіка прадугледжанае скарачэнне часу ў шляху з трох да двух з паловай гадзін цягнікоў міжнародных ліній № 15/16 і № 37/38 у паведамленні Менск - Вільня. Прадугледжанае ранішняе і вячэрняе адпраўленне гэтых цягнікоў як з Менска, так і з Вільні. Калі раней паміж Менскам і Вільняй па будных днях курсіравала дзве пары цягнікоў, а па выходных тры, то з 26 траўня па будных будзе курсіраваць тры пары цягнікоў, а па выходных чатыры. «Скарачэнне часу руху стане магчымым за кошт укаранення новага парадку памежнага і мытнага кантролю ў дадзеных цягніках. Працэдура дагляду і праверкі дакументаў будзе ажыццяўляцца на тэрыторыі Беларусі ў шляху руху на ўчастку Маладзечна - Гудагай, а на тэрыторыі Літвы - на станцыі Вільня», - паведамілі ў прэс-службе БЧ.

З 26 траўня на маршрут паміж Менскам і Вільняй выйдуць два мадэрнізаваных дызель-цягніка ДР1Б. Іх тэхнічны стан прыведзены ў адпаведнасць з патрабаваннямі беларускіх памежнай і мытнай службаў, органаў аховы дзяржаўнай мяжы Літвы, а таксама санітарна-эпідэміялагічнымі правіламі і нарматывамі.

У 2012 годзе паміж дзвюма краінамі было перавезена больш як 295 тысяч пасажыраў. Гэта на 51,7% больш, чым у 2011 годзе. У тым ліку больш як 195 тысяч чалавек скарысталіся паслугамі цягніка № 15/16.

Апошнія навіны