У Германіі патрабуюць забараніць сімволіку ГДР
- 22.05.2013, 13:04
Нямецкія кансерватары прапанавалі забараніць сімволіку Усходняй Германіі часоў сацыялізму.
З такой ініцыятывай выступіў старшыня фракцыі ХДС/ХСС, якая ўваходзіць у кіруючую кааліцыю, Фолькер Каўдэр. Паводле яго слоў, яго блок паспрабуе дамагчыся крымінальнай адказнасці за публічную дэманстрацыю знакаў ГДР.
Акрамя гэтага, дэпутат ад ХДС і генеральны сакратар берлінскага аддзялення партыі Кай Вегнер звярнуўся да сенатара Берліна па фінансавых пытаннях Ульрыха Нусбаўма. Кансерватар прапанаваў пазбавіць арганізацыю «Нацыянальнае народнае войска» (Traditionsverband Nationale Volksarmee e. V.), якая лічыць сваёй задачай захаванне традыцый войска ГДР, статусу грамадска карыснай. Гэты статус дазваляе арганізацыі карыстацца падатковымі льготамі.
Падставай для цяперашняй дыскусіі стала шэсце былых вайскоўцаў Нацыянальнага народнага войска, апранутых у ваенную форму ГДР і форму «Штазі». Шэсце са сцягамі ГДР і зброяй, прымеркаванае да Дня перамогі 9 траўня, прайшло ў Трэптаў-парк, дзе знаходзіцца помнік савецкаму воіну-вызваліцелю. Прадстаўнікі кіруючага блока з ХДС/ХСС палічылі падобнае мерапрыемства правакацыяй і здзекам над памяццю ахвяр дыктатуры ГДР. У якасці ўзору для пераймання кансерватары прыводзяць Літву, Венгрыю, Латвію і Чэхію, дзе камуністычная сімволіка забароненая, разам з нацысцкай.
Хрысціянскія дэмакраты спрабавалі ўвесці падобную забарону яшчэ ў 2011 годзе.