BE RU EN

Палецкіс: Я не ведаю ніякага лорда Бэла

  • 22.05.2013, 14:55

Дакладчык дэлегацыі Еўрапарламента па Беларусі пракаментаваў свае высновы, зробленыя ў справаздачы аб сітуацыі ў краіне.

Даючы рэкамендацыі з нагоды адносін паміж Еўразвязам і Беларуссю, дакладчык дэлегацыі Еўрапейскага парламента па Беларусі Юстас Палецкіс спасылаецца на тое, што ў 2012 годзе ў Беларусі адбылося «прыкметнае паляпшэнне сітуацыі з выкананнем правоў чалавека».

«Радыё Свабода» спытала ў Палецкіса, на падставе якіх звестак ён зрабіў такую выснову.

- У асноўным я працую ў Брусэлі і Страсбургу і, зразумела, дома ў Вільні, і мне цяжка самому меркаваць, паляпшаецца або пагаршаецца сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. У такім выпадку прыходзіцца абапірацца на дадзеныя тых арганізацый, якія гэтым займаюцца. Калі я быў у Менску ў сакавіку, я правёў вельмі грунтоўныя гутаркі з кіраўнікамі арганізацыі «Вясна» і Хельсінкскага камітэта, якія займаюцца правамі чалавека. Яны сказалі, што па іх назіраннях, у 2012 годзе, у параўнанні з папярэднім годам, узровень рэпрэсій - як яны выказаліся, маючы на ўвазе, мабыць, арышты, ператрусы, выклікі ў пэўныя інстанцыі - зменшыўся ў тры разы. Па-другое, яны мне паведамілі, што ў мінулым годзе не было вынесена ніводнага смяротнага прысуду, хоць было выканана некалькі такіх прысудаў. Гэта яны ацанілі як магчымыя спробы Беларусі вярнуцца ў Раду Еўропы.

- Хочам нагадаць, што кіраўнік «Вясны» як раз знаходзіцца ў турме, яго лічаць палітвязням.

- Я добра гэта ведаю, і самае галоўнае ў дакладзе - як перадумова для любога дыялогу, любога паляпшэння адносін - гэта безумоўнае вызваленне і палітычная рэабілітацыя ўсіх палітвязняў. Але «Вясна» дзейнічае і не зніжае сваёй актыўнасці.

- А з чым вы і вашы суразмоўцы звязваеце памяншэнне ўзроўню рэпрэсій? Ці не з тым, што знізіўся агульны ўзровень палітычнай актыўнасці ў сувязі з ранейшымі рэпрэсіямі?

- Усё-такі мне трэба давяраць каму-небудзь, і я давяраю прадстаўнікам апазіцыі, грамадзянскай супольнасці, экспертам, з якімі я размаўляў. У Менску ў мяне было 25 сустрэч - 4 з афіцыйнымі асобамі, 21 сустрэча была з амбасадарамі, з кіраўнікамі няўрадавых арганізацый, палітычных партый. Вось з гэтай мазаікі ў мяне склалася ўражанне.

Чаму так атрымалася? Вы назвалі адну з прычын, але іх шмат. І заявы асноўных палітычных партый, якія працуюць у Беларусі, аб шляхах развіцця адносінаў паміж Беларуссю і ЕЗ як раз супадаюць з тым, што я паклаў у аснову свайго дакладу. Што ўсё ж такі перыяд 2008-2010 гадоў, калі было паляпшэнне адносін паміж ЕЗ і Беларуссю - гэта быў найбольш спрыяльны час для дзеянняў апазіцыі, для ўмацавання грамадзянскай супольнасці, і хоць гэта было кароткачасова і спынілася, усе мы ведаем, як хацелі б вярнуцца да такой сітуацыі прадстаўнікі палітычных партый і грамадзянскай супольнасці.

Але толькі ад іх жадання гэта не залежыць. Акрамя таго, я атрымаў відавочныя сігналы і ад прадстаўнікоў улады - і гэта было пацверджана экспертамі - што ўлады Беларусі, нягледзячы на ўдзел у Еўразійскім звязе, усё ж ніяк не адмаўляюцца ад магчымасці балансаваць і мець магчымасць аднавіць дыялог з Еўразвязам. Аднак у ходзе тых сустрэч я таксама казаў, што без вызвалення палітвязняў гэта, вядома, немагчыма.

- Вы чулі цвёрдыя запэўніванні ў тым, што гэта вызваленне можа адбыцца?

- Так, несумненна. Былі запэўненні, што ў гэтым кірунку рухаюцца, але, вядома, стоадсоткавых абяцанняў ніхто не мог даць. Акрамя таго, прадстаўнікі апазіцыі таксама казалі, што гэта вызваленне, па іх назіраннях, не за гарамі.

- І апошняе пытанне, якое датычыцца вас асабіста. Па паведамленні некаторых беларускіх СМІ, ваша імя фігуравала ў плане лорда Бэла па выратаванні рэпутацыі Лукашэнкі: лорд Бэл нібыта ўключыў вас у план, які прадугледжваў уплыў на рэжым праз канкрэтных еўрапейскіх палітыкаў…

- Я не ведаю ніякага лорда Бэла і ніякіх планаў. Я ўпершыню пра гэта чую.

Заявы Палецкіса, зробленыя ў гэтым інтэрв'ю, пракаментавала Таццяна Рэвяка, сябра Рады праваабарончага цэнтра «Вясна»:

«Я ведаю, што Валянцін Стэфановіч, як і іншыя праваабаронцы, сустракаўся з Палецкісам ў сакавіку. Сёння сітуацыя ўжо іншая, чым у сакавіку. Але пасля гэтага ўжо быў вынесены і смяротны прысуд. За гэты час таксама адбыліся змены, якія можна назваць тэндэнцыяй да пагаршэння. Калі яшчэ ў той час можна было казаць пра нейкі застой у сітуацыі з правамі чалавека, то цяпер мы фіксуем тэндэнцыю да пагаршэння. Тое, што ў 2012 годзе не было смяротных прысудаў - гэта праўда, але заставаліся палітвязні і заставаліся людзі, якія адбывалі пакаранне ў выглядзе абмежавання волі. Некаторых з іх яшчэ чакае суд. Казаць пра тое, што на нашых словах пабудаваная выснова Палецкіса пра паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека - не зусім справядліва, улічваючы нашу дастаткова цвёрдую пазіцыю па пытаннях, якія тычацца правоў чалавека, палітвязняў, свабоды выказвання, свабоды сходаў, смяротнага пакарання. Мы кажам, што сёння стала горш».

Апошнія навіны