На БТ не знайшлі грошай для трансляцыі фіналу Кубка выкліку
- 22.05.2013, 15:05
Беларускія тэлеканалы не пакажуць паўторны матч фіналу Кубка выкліку.
Як пацвердзілі «Прессболу» ў дырэкцыі спартыўнага вяшчання Белтэлерадыёкампаніі, суботняя трансляцыя фінальнага матчу Кубка выкліку паміж менскім СКА і «Эшам» з Люксембурга выключана з праграмы канала «Беларусь-2». Гэтага запатрабавала кампанія «EHF Marketing», якая валодае правамі на тэлепаказ фінальных матчаў і размяшчэнне на іх рэкламы.
За перадачу гэтых правоў яна запрасіла ў беларускага боку 10 тысяч еўра, прапанаваўшы ўзяць на сябе гэтыя выдаткі альбо клубу СКА, альбо тэлевізійнікам.
Армейскі клуб адмовіўся ад удзелу ў тратах, бо неабходнымі сродкамі не валодае. Натуральна, не былі прадугледжаныя яны ў бюджэце і каштарысах Белтэлерадыёкампаніі. Яна прапанавала ЕГФ супрацоўніцтва на бязвыплатнай аснове, гарантаваўшы вытворчасць «карцінкі» і ўздым яе на спадарожнік для дастаўкі іншым спажыўцам. Заўважым, што гэта агульнапрынятая ў падобных выпадках практыка.
У Вене ад працягу перамоваў адмовіліся, наклаўшы вета і на паказ гульні, і на размяшчэнне клубам рэкламных шчытоў на «Менск-Арэне». Гэтую інфармацыю пацвердзіў начальнік дэпартамента ЕГФ па сувязях з прэсай і грамадскасцю Джэй-Джэй Роўленд. Пры гэтым венскі чыноўнік падкрэсліў, што трансляцыя першага матчу супернікаў у Люксембургу тэлекампаніяй RTL ажыццяўлялася на ўмовах «EHF Marketing».
Нагадаем, за апошні час фінансаванне БТ скарацілася ў тры разы.