Праляскоўскі пра свабоду СМІ: У нас усе прастрэльваецца
- 22.05.2013, 15:21
Міністр інфармацыі заявіў, што ў Беларусі дэмакратычны закон аб СМІ і ўсё ў парадку са свабодай прэсы.
Гэтыя словы Алега Праляскоўскага прагучалі перад адкрыццём Беларускага міжнароднага медыяфоруму. Міністр заявіў, што размовы пра адсутнасць свабоды сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусі - стэрэатып, піша «Інтэрфакс».
«Гэта (адсутнасць свабоды СМІ) абсалютная няпраўда. Мы адкрытая прастора. Да мяне як да міністра інфармацыі якіх-небудзь сур'ёзных зваротаў, прэтэнзій няма. У нас вельмі простая форма рэгістрацыі СМІ, нават часам у нашых суседзяў яна больш складаная. Мы адкрытыя для дыялогу», - заявіў Праляскоўскі.
Паводле яго слоў, тыя, хто кажа пра адсутнасць свабоды слова, павінны звярнуць увагу на свае праблемы.
«Гэта стэрэатып, такія замыленыя тэмы. Тыя, хто нам гэта кажа, павінны на сябе паглядзець вельмі ўважліва. А мы ўважліва чытаем справаздачы розных арганізацый, якія праблемы ў нашых «настаўнікаў». У нас такіх праблем няма. Асабліва са свабодай прэсы. Адкрытая прастора: прастрэльваецца і з Захаду, і з Усходу», - заявіў міністр.
Ён паведаміў, што ў Беларусі больш за 1,5 тыс. зарэгістраваных друкаваных выданняў, амаль 300 электронных СМІ, інфармацыйныя агенцтвы.
«У нас вельмі дэмакратычны закон аб СМІ. Гэтыя здагадкі ўжо намылілі слых», - сказаў Праляскоўскі, заявіўшы, што беларуская прэса адпавядае сучасным тэндэнцыям развіцця журналістыкі.
«Мы сур'ёзна прасунуліся за апошнія некалькі гадоў па прысутнасці ў Інтэрнэце. У цэлым наша прэса дастаткова спакойная, адпавядае менталітэту свайго народа. Нейкіх моцных узрушэнняў сродкі масавай інфармацыі не выклікаюць, уласна кажучы, у нас іх і няма», - сказаў Праляскоўскі.
Між тым, сітуацыя са свабодай прэсы ў Беларусі па-ранейшаму з'яўляецца прадметам крытыкі з боку праваабарончых арганізацый. Асноўныя крыніцы інфармацыі для насельніцтва знаходзяцца пад кантролем дзяржавы, якая праводзіць на іх палітыку, несумяшчальную з плюралізмам. У прыватнасці, на дзяржаўных тэлеканалах і радыёстанцыях не прадастаўляецца слова прадстаўнікам апазіцыі.
У краіне пераследуюцца незалежныя СМІ, а журналісты падвяргаюцца арыштам і штрафам за сваю прафесійную дзейнасць. У дакладзе міжнароднай арганізацыі Freedom House Беларусь названая горшай краінай для дзейнасці журналістаў. У мінулым годзе наша краіна ўпершыню была названая «Рэпарцёрамі без межаў» «ворагам Інтэрнэту» і трапіла ў спіс 12 дзяржаў, дзе сітуацыя са свабодай у сетцы таксама апынулася горшай у свеце.