BE RU EN

Віктар Івашкевіч: Дыктатар дыктатару вока не выклюе

  • 22.05.2013, 15:54

Перамовы з Кыргызстанам аб выдачы Бакіевых для беларускіх уладаў - не больш чым камедыя.

Такім чынам каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Віктар Івашкевіч пракаментаваў сайту charter97.org згоду Беларусі на перамовы з нагоды экстрадыцыі былога прэзідэнта Кыргызстана і яго сям'і.

«Дыктатар дыктатару вока не выклюе і нікому не аддасць. Што датычыцца перамоваў, дык гэта ўсяго толькі словы. У любым выпадку, гэта лепш адкрытага канфлікту. Лукашэнка робіць усё, што ён хоча. Калі Кыргызстану для захавання свайго твару трэба весці перамовы, то ён прызначыць чалавека, з якім будуць размаўляць ні пра што ці пра адно і тое ж. Разумеючы, што Лукашэнка не збіраецца выдаваць Бакіевых, Бішкек, тым не менш, просіць аб выдачы, маўляў, давайце хоць фармальна правядзем перамовы, каб паказаць свайму насельніцтву, што мы не здаліся. Таму беларускі дыктатар пагадзіўся на такую камедыю», - упэўнены палітык.

Ён адзначыў, што дамова аб экстрадыцыі - усяго толькі паперка для афіцыйнага Менска.

«Для Лукашэнкі, як у свой час для Гітлера, любыя міжнародныя дамовы з'яўляюцца паперкамі, якія ў любы момант можна парваць, выкінуць альбо сказаць, што нас не так зразумелі. Учора Бішкек заявіў, што прызначыць амбасадара ў Менск толькі пасля выдачы Бакіевых. Ну і што? Аб'ём гандлю ў нас з Кыргызстанам мізэрны. Калі краінам і трэба нешта купляць і прадаваць, то яны будуць гэта рабіць, але ў дыпламатычным і палітычным плане Беларусі ад кыргызскага боку нічога не трэба», - лічыць каардынатар «Еўрапейскай Беларусі».

Ён таксама выказаўся наконт магчымых пратэстаў у Кыргызстане ў выпадку прыезду беларускага кіраўніка на саміт АДКБ у канцы траўня.

«Калі Лукашэнка трэба будзе паехаць на травеньскі саміт АДКБ, каб дамовіцца з Расеяй і Казахстанам з нагоды выдзялення крэдыту і паставак нафты, то ён паедзе. Пуцін і Назарбаеў не аддадуць яго на разарванне натоўпу ва ўгоду Бішкеку. У крайнім выпадку, замест сябе можна паслаць кагосьці іншага», - сказаў на заканчэнне Віктар Івашкевіч.

Нагадаем, Бішкек збіраецца прызначыць амбасадара ў Менск толькі пасля экстрадыцыі Бакіевых.

Сёння, прадстаўнік праваахоўных органаў Беларусі заявіў пра тое, што беларускія ўлады не разглядаюць магчымасць выдачы Кыргызстану былога кіраўніка гэтай краіны.

Курманбек Бакіеў і яго малодшы брат Жаныбек абвінавачваюцца на радзіме ў здзяйсненні шэрагу цяжкіх злачынстваў, у тым ліку расстрэле мітынгу ў цэнтры Бішкека 7 красавіка 2010 года, і абодва былі асуджаныя завочна на працяглыя тэрміны зняволення за забойства былога кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Медэта Садыркулава.

Апошнія навіны