Мінфін спісаў страты бюджэту на падзенне продажаў
- 22.05.2013, 16:15
Міністэрства фінансаў Беларусі канстатуе зніжэнне прыбытку шэрагу буйных прадпрыемстваў краіны.
Гэта прывяло да істотнага недабору паступлення падатку на прыбытак у рэспубліканскі бюджэт у I квартале 2013 года, перадае АФН.
«Пры прагназаваным узроўні паступленняў у студзені - сакавіку бягучага года падатку на прыбытак у 2 трлн. дадзеная крыніца прынесла толькі Br1,6 трлн. Асноўная прычына невыканання плана - нізкія тэмпы росту прыбытку арганізацый-плацельшчыкаў», - адзначаецца ў паведамленні Мінфіна.
«Асабліва адчувальным для бюджэту аказалася зніжэнне аб'ёмаў прыбытку асобных бюджэтаўтваральных прадпрыемстваў - ААТ «Гродна Азот», ААТ «БМЗ-кіруючая кампанія холдынгу «БМК», ААТ «Беларуськалій», УП «Менгаз». У выніку гэтымі суб'ектамі гаспадарання па выніках 2012 года прад'яўлена да вяртання каля Br0,7 трлн. раней унесеных плацяжоў», - гаворыцца ў паведамленні.
Аналагічныя праблемы ў рэспубліканскіх унітарных прадпрыемстваў таксама прывялі да істотных страт бюджэту. Даходы ад пералічэння часткі прыбытку РУП прынеслі казне толькі Br41,7 млрд., што адпавядае толькі 10,6% плана першага квартала (і 2,2% гадавога), канстатуе міністэрства.
Нагадаем, сума чыстай страты арганізацый па дадзеных «Белстата» за першы квартал 2013 склала 2480,9 мільярдаў рублёў. У першым квартале мінулага года яна была 1416,8 мільярдаў рублёў. Такім чынам, чыстая страта арганізацый вырасла ў 1,8 разы.
У той жа час склады ў Беларусі затавараныя прадукцыяй, якая перастала карыстацца попытам на рынках Расеі і СНД. Гэта пагражае чарговымі цяжкасцямі беларускай эканоміцы, дзе дамінуе прамысловасць, якая знаходзіцца ў дзяржуласнасці.