Медыцына для абраных
- 22.05.2013, 16:30
Умовы надання медыцынскай дапамогі звычайным грамадзянам і прадстаўнікам уладаў істотна адрозніваюцца.
Апынуўшыся з дзіцем у Рэспубліканскім цэнтры дзіцячай уралогіі, узнікае адчуванне, што ўсё гэта сніцца: усмешлівыя гардэробшчыцы, адсутнасць чэргаў, уважлівыя лекары, якім, у адрозненне ад калег з раённых паліклінік, мабыць, не даводзіцца працаваць на паўтары-дзве стаўкі і канвеерам прымаць плыні пацыентаў, піша «Салiдарнасць».
Так, і яшчэ еўрарамонт, светлыя калідоры, скураныя канапы і пакой адпачынку з тэлевізарам, які ў рэжыме нон-стоп транслюе «Ералаш». У прыбіральні ёсць вадкае мыла і туалетная папера. Тым, хто ніколі не быў у раённай паліклініцы, гэтага не зразумець.
«У першы наш візіт мы за гадзіну трапілі да трох спецыялістаў, хоць запісаныя былі толькі да аднаго! Падчас апошняй кансультацыі лекарка прапанавала нам патэлефанаваць ёй, каб даведацца пра вынікі абследавання, і пакінула свой працоўны тэлефон: «Ну, не ехаць жа вам зноў за сотні кіламетраў, - піша журналістка выдання. - У раённых паліклініках такое не прынята. Не ў кожнага лекара ў кабінеце ёсць тэлефон, а мабільныя нумары яны не пакідаюць. Ды што тэлефоны, калі ў спецыялістаў няма і кампутараў. Аднойчы, выстаяўшы некалькі гадзін у чарзе, патрапіла, нарэшце, да неўролага з вынікамі абследавання МРТ, запісанымі на дыску, а доктар, «адсканаваўшы» яго поглядам, адправіў у Бараўляны ў аддзяленне нейрахірургіі: «Няхай вас там пракансультуюць». А вы кажаце, мадэрнізацыя.
У адрозненне ад многіх землякоў з рэгіёнаў, я не адчуваю піетэту перад сталічнымі спецыялістамі. Мяркую, што раённыя лекары вопытам і кваліфікацыяй ані не саступаюць калегам з Менска. Вось, да прыкладу, мой знаёмы оталарынголаг з раённай лякарні аднойчы прышыў чалавеку нос, адкушаны сабакам.
Але ж вы не пойдзеце стрыгчыся да цырульніка, у якога няма нажніц? Дык чаму жыхары правінцыйных гарадоў павінны змарнаваць некалькі гадзін свайго жыцця, прастаяўшы ў чарзе да доктара, у якога няма элементарнага - тэхнікі, якая дапамагла б паставіць пацыенту правільны дыягназ?
Днямі ехала ў таксоўцы, кіроўца некалькі разоў перапытваў адрас, удакладняў, як даехаць. «Вы, напэўна, нядаўна працуеце?» - пацікавілася я. - «Ага, - збянтэжана сказаў таксіст. - Я наогул лекар-рэабілітолаг. Проста за паўтары-два мільёны, якія я ў прыватным цэнтры зарабляў, не выжыць. Мае аднакурснікі ў Маскву з'язджаюць, а я не хачу там жыць».
Я паглядзела на яго моцныя рукі масажыста, ня створаныя для таго, каб і дзень і ноч круціць стырно, і ўспомніла маладога гінеколага з Гародні, з якой некалькі гадоў таму пазнаёмілася ў самалёце. Вылет з Менска затрымліваўся. У нас былі транзітныя рэйсы, і мы хваляваліся, што не паспеем.
Каця ляцела ў Канаду. Адпрацаваўшы два гады па размеркаванні, яна бегла з краіны пры першай жа магчымасці. «Я буду працаваць санітаркай, даглядаць за старымі. З маім дыпломам медінстытута і двухгадовым стажам у чужой краіне я ніхто», - дзялілася спадарожніца.
А я распавядала ёй, якая праблема ў маім родным горадзе патрапіць на прыём да гінеколага. Жанчыны ад сямі гадзін раніцы штурмуюць рэгістратуру, бо праз недахоп спецыялістаў талонаў менш, чым пацыентаў. Наш самалёт у той вечар так і не ўзляцеў. Каця благога папярэджання ў гэтым не бачыла. Яна была поўная рашучасці з'ехаць, таму што ў Беларусі для яе няма ніякіх перспектыў: «На заробак лекара жаночай кансультацыі я і да пенсіі кватэру не пабудую».
Бяда беларускай медыцыны – нястача спецыялістаў, прыём пацыентаў як на канвееры, адсутнасць абсталявання, чэргі - усё гэта бачаць многія жыхары маленькіх гарадоў. Для гэтага ім дастаткова аднаго візіту ў паліклініку.
Чаму ж іх ва ўпор не заўважаюць чыноўнікі медыцыны? Магчыма, яны абслугоўваюцца ў нейкіх іншых клініках - для абраных? Накшталт той, у якую выпадкова патрапілі мы з дзіцем.
У «прэзідэнцкім» шпіталі, як ахрысцілі «Рэспубліканскі клінічны медыцынскі цэнтр» Кіравання справамі Лукашэнкі, яшчэ некалькі гадоў таму меліся палаты з кандыцыянерамі, асобным санвузлом, душам, тэлевізарам, лядоўняй ды тэлефонам. А ў палаце дзіцячай абласной лякарні, дзе надоечы лячылася маё дзіця, на васьмі ложках было 10 чалавек. На цэлае аддзяленне, якое спецыялізуецца, між іншым, на лячэнні хвароб нырак, усяго два туалеты.
Дзеля цікавасці патэлефанавала ў «прэзідэнцкую» лякарню з пытаннем, як трапіць да іх у стацыянар.
- А вы ў нас абслугоўваецеся? - Спытала супрацоўніца даведачнай.
- Не.
- Прымацаваны?
- Не.
- Хм, тады вы можаце легчы ў аддзяленне толькі на платнай аснове, - у голасе гучала здзіўленне маёй наіўнасцю.
- Скажыце, а хто ў вас абслугоўваецца бясплатна? - пацікавілася я.
- Дзяржслужбоўцы, - быў адказ.
Згодна з прэйскурантам на сайце цэнтра vip-clinic.by, чыя назва кажа сама за сябе, адзін ложка-дзень у гэтым стацыянары абыдзецца ад 265 100 рублёў у дзень (кардыялогія) да 1.566.650 (рэанімацыя). Знаходжанне ў палаце больш высокага ўзроўню або падвышанай камфортнасці каштуе ў разы даражэй. Дадаткова пацыент аплачвае харчаванне, кошт медыкаментаў, ужытых пры лячэнні, а таксама ўсе даследаванні і кансультацыі.
Калі вы хочаце атрымліваць комплекснае медыцынскае абслугоўванне ў цэнтры, абсталяваным сучасным абсталяваннем высокага і экспэртнага класа, можна прымацавацца, гэта значыць укласці дамову. Авансавы кошт работ на 2013 год складала 8.810.700 рублёў на чалавека.
Відавочна, не кожнаму грамадзяніну «дзяржавы для народа» з сярэднім заробкам 4.692.800 рублёў (паводле звестак Белстата за сакавік) даступна лячыцца ў беларускай «крамлёўцы».
Дарэчы, заробак санітаркі ў гэтай лякарні вышэйшы, чым у лекара-тэрапеўта ў раённай паліклініцы. Галоўны лекар гэтага цэнтра - Ірына Абельская, у мінулым асабістая лекарка Лукашэнкі.
Пад выглядам прэтэндэнткі карэспандэнтка патэлефанавала ў аддзел кадраў Рэспубліканскага клінічнага медцэнтра.
- У вас на сайце ёсць вакансія санітаркі. Скажыце, а вам яшчэ патрабуецца чалавек? (Вакансія размешчаная ў верасні 2012-га).
- Так, - пацвердзіла супрацоўніца аддзела кадраў.
На пытанне аб заробку рушыла ўслед прапанова прыехаць і азнаёміцца з варункамі працы. Як высветлілася, заробак залежыць ад таго, ці будзеце вы проста мыць падлогі або даглядаць за цяжкімі хворымі. У другім выпадку можна зарабіць у межах 2,5 мільёнаў. Са слоў суразмоўніцы, медсёстрам у цэнтры плацяць у межах 3.500.000 (заробак залежыць ад стажу, колькасці начных дзяжурстваў, аддзялення).
У раённай лякарні тэрапеўту плацяць пад 2 млн, распавяла мая прыяцелька Аліна, што адпрацоўвае паводле размеркавання апошні год.
- Мне, каб выйсці на 4 млн., даводзіцца яшчэ ў аддзяленні працаваць і выкладаць. Дома я практычна не бываю, - падзялілася маладая лекарка.
У сакавіку 2005-га Лукашэнка заявіў: «Непрыстойна, калі чыноўнікі самі атрымліваюць добрую медыцынскую дапамогу, а людзям не надаецца хоць бы элементарная». Сапраўды, несамавіта.
Вы ўспомніце, калі апошні раз мы бачылі правадыра ў раённай паліклініцы або ФАПе. Усе ягоныя візіты ва ўстановы Міністэрства аховы здароўя выглядаюць як піяр. Вось ён адкрывае вылізаную да яго візіту лякарню пасля рамонту. Вось раздае падарункі хворым дзецям перад Новым годам...
Так што Беларусь, якую мы бачым па БТ, сапраўды існуе. Праўда, толькі ў жыцці чыноўнікаў і першых асоб краіны».