Мікалай Аўтуховіч: Навошта дапамагаць д'яблу гандляваць лёсам людзей?
- 22.05.2013, 17:39
Прадпрымальнік не верыў, што палітвязняў вызваляць на Вялікдзень.
У сваім лісце ён разважае з нагоды датэрміновага вызвалення з-за кратаў палітычных лідараў і грамадскіх актывістаў, піша ПЦ «Вясна».
«Прайшлі ўсе святы, цуду не адбылося. Нават не магу ўявіць, адкуль узялася тая інфармацыя, якая дала надзею родным на хуткае спатканне з палітвязнямі (5 траўня на Вялікдзень, 9 траўня на Дзень перамогі). Калі нешта і адбудзецца, я даведаюся пра гэта ў самы апошні момант. Гэта мне ўжо даводзілася праходзіць, я вязень з вопытам такога вызвалення. Але мне не спадабаецца такая свабода. Я лепей сядзеў бы да канца, каб не было магчымасці маніпуляваць маім лёсам, маімі пакутамі і выпрабаваннямі. Калі чалавек невінаваты, чаму нашы апазіцыйныя палітыкі адкідаюць галоўнае патрабаванне грамадскасці аб поўнай рэабілітацыі? Я праходжу гэтыя выпрабаванні з надзеяй, што гэта будзе выкарыстана на карысць будучага нашага народа. А што робяць дэмакратычныя лідары? Дапамагаюць д'яблу гандляваць лёсам людзей?», - адзначыў Аўтуховіч.
Пра ўмовы ўтрымання Мікалай Аўтуховіч паведамляе, што ў яго ўсё добра.
Нагадаем, упершыню Мікалай Аўтуховіч быў арыштаваны ў кастрычніку 2005 года пасля таго, як стаў актыўна змагацца за свой бізнес (у прадпрымальніка была фірма таксі) і праводзіць доўгія галадоўкі пратэсту. Абвінаваціўшы ў нявыплаце падаткаў, прадпрымальніка асудзілі на тры з паловай гады. Ён быў адным з шасці палітвязняў, вызваленых у выніку жорсткіх санкцый ЗША і ЕЗ.
У другі раз Мікалай Аўтуховіч быў арыштаваны 8 лютага 2009 года, асуджаны 6 траўня 2010 года Вярхоўным судом Рэспублікі Беларусь па ч. 3 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў) і, нягледзячы на поўны развал справы ў судзе з-за адсутнасці доказаў, прысуджаны да 5 гадоў і 2 месяцаў пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму.
Рашэннем суда ад 17 студзеня 2012 года ўмовы адбыцця пакарання былі змененыя на больш жорсткія, пераведзены з калоніі № 5 у Івацэвічах у турму № 1 Гродна.
Аўтуховіч сваёй віны ў судзе не прызнаў і заявіў, што яго пераследуюць за антыкарупцыйную дзейнасць.