Сямашка абяцае дамовіцца. Цяпер з Украінай
- 22.05.2013, 18:04
Віцэ-прэм'ер Беларусі абяцае «вырашыць пытанні» паставак украінскіх кандытарскіх вырабаў у Беларусь.
Пра гэта ён заявіў па выніках пасяджэння Міжурадавай украінска-беларускай змяшанай камісіі па пытаннях гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, якое прайшло 22 траўня ў Кіеве, перадае УНІАН.
«У нас няма дыскрымінацыі ў гандлі. Разам з тым не да канца разабранае пытанне па мяса-малочнай прадукцыі, па ўкраінскай кандытарскай прадукцыі, якая таксама ўваходзіць у харчовую групу. Але на працягу месяца гэтыя пытанні будуць вырашаныя», - сказаў Уладзімір Сямашка.
Ён таксама звярнуў увагу, што Беларусь праяўляе значную цікавасць да імпарту ўкраінскай прадукцыі металургіі, прадуктаў харчавання, сельскагаспадарчага насення, прадукцыі цяжкага машынабудавання, энергетычнага машынабудавання.
Праблемы з пастаўкамі ў Беларусь паўсталі ва ўкраінскіх вытворцаў кандытарскіх вырабаў у пачатку красавіка. Асацыяцыя «Укркандпрам», якая аб'ядноўвае ўкраінскіх вытворцаў кандытарскіх вырабаў, звярталася ва ўкраінскія органы ўлады. Паводле інфармацыі ўкраінскіх СМІ, пытанне ўздымалася падчас красавіцкіх перамоваў членаў урада Украіны з Уладзімірам Сямашкам. «Беларускі бок абяцаў разабрацца і сітуацыю ўрэгуляваць, але час прайшоў, а ўкраінская кандытарская прадукцыя на беларускі рынак так і не паступае», - паведаміў тады прэзідэнт асацыяцыі «Укркандпрам» Аляксандр Балдынюк.
Нагадаем, Уладзімір Сямашка нядаўна вярнуўся з Масквы дзе вёў перамовы з намеснікам старшыні ўрада Расеі Аркадзем Дварковічам. «Ёсць усе перадумовы да таго, што баланс на 3-і, 4-і кварталы будзе падпісаны ў хуткім часе, пры гэтым мы зыходзім з 23 млн тон у год, якія нам патрэбныя», - сказаў віцэ-прэм'ер Беларусі па вяртанні ў Менск . Аднак Мінэнерга Расеі абвергла аптымістычныя заявы першага віцэ-прэм'ера РБ У.Сямашкі аб нібыта дасягнутай дамоўленасці аб пастаўцы 5,75 млн. тон нафты ў Беларусь у трэцім квартале бягучага года. «Аб'ёмы яшчэ не вызначаныя», - заявіў яго кіраўнік Аляксандр Новак.