Пол Макартні заклікаў вызваліць удзельніц Pussy Riot
- 23.05.2013, 9:43
Сэр Пол Макартні накіраваў лісты расейскім уладам з заклікам датэрмінова выпусціць на волю ўдзельніц панк-гурта Pussy Riot Марыю Алёхіну і Надзею Талаконнікаву.
Напярэдадні Алёхіна, якая адбывае пакаранне ў калоніі ў Пермскім краі, абвясціла галадоўку.
Брытанскі музыка асобна адзначыў, што суд павінен дазволіць Алёхінай удзельнічаць у пасяджэннях суда, перадае BBC.
Адвакат асуджанай Ірына Хрунова паведаміла, што рашэнне пра галадоўку было прынятае Алёхінай у знак пратэсту супраць таго, што суд адмовіўся даставіць яе на пасяджэнне, дзе вырашаецца пытанне аб яе ўмоўна-датэрміновым вызваленні.
Як паведамляе афіцыйны сайт Пола Макартні, музыка накіраваў два рукапісных звароты, напісаўшы асобна пра Алёхіну і пра Талаконнікаву, якой адмовілі ва ўмоўна-датэрміновым вызваленні ў мінулым месяцы.
«Па маім перакананні, далейшае зняволене можа нанесці шкоду Марыі і сітуацыі ў цэлым, за якой, натуральна, сочаць людзі ва ўсім свеце», - напісаў былы ўдзельнік гурта «Бітлз».
Даўнія сувязі з Расеяй
Па словах Макартні, рашэнне ўладаў вызваліць дзяўчат стала б пазітыўным сігналам для ўсіх тых, хто пільна сачыў за справай Pussy Riot, якая атрымала шырокі грамадскі рэзананс за межамі Расеі.
17 жніўня 2012 года Талаконнікава і Алёхіна былі прысуджаныя да двух гадоў калоніі агульнага рэжыму за хуліганства падчас акцыі ў храме Хрыста Збавіцеля ў Маскве.
«У мяне даўнія сувязі з жыхарамі Расеі, і, улічваючы гэта, я накіроўваю сваю просьбу ў духу дружбы для многіх маіх расейскіх знаёмых, якія, як і я, вераць у спачувальнае і добрае стаўленне да людзей - да ўсіх людзей», - гаворыцца ў лісце Макартні ў падтрымку Надзеі Талаконнікавай.
У лістападзе мінулага года прэм'ер-міністр Расеі Дзмітрый Мядзведзеў заявіў, што лічыць няправільным «досыць доўгае» знаходжанне удзельніц Pussy Riot у зняволенні, але аднёс гэтае пытанне да кампетэнцыі суда.
Па словах кіраўніка расейскага ўрада, неабходнасці ў далейшым утрыманні дзяўчат у турме ён не бачыць.
Публічная пазіцыя прэзідэнта Пуціна з нагоды прысуду Pussy Riot кардынальна адрозніваецца ад пазіцыі прэм'ера Мядзведзева. Уладзімір Пуцін неаднаразова заяўляў, што лічыць прысуд суда справядлівым.
Не першы ліст
Расійскі упаўнаважаны па правах чалавека Уладзімір Лукін у прадстаўленым 22 траўня Дзярждуме штогадовым дакладзе асудзіў улады краіны за антыдэмакратычныя крокі апошняга часу, сярод іншага, падвергнуўшы іх крытыцы ў сувязі са справай Pussy Riot.
«Атэісты таксама маюць перакананні і такое ж права на іх абарону дзяржавай, як прадстаўнікі любой канфесіі. Гэта і складае сутнасць свабоды сумлення, аднаго з нашых базавых канстытуцыйных прынцыпаў», - заявіў у сваім дакладзе амбудсмен.
Раней Лукін назваў прысуд суда празмерным, хоць ён і не ўхваляе акцыю Pussy Riot, і заклікаў вызваліць асуджаных удзельніц панк-гурта.
Сэр Пол Макартні свой першы ліст у падтрымку Pussy Riot напісаў у жніўні 2012 года, яшчэ да вынясення прысуду. Музыка жадаў дзяўчатам заставацца моцнымі і выказваў надзею на тое, што прынцып свабоды творчасці не будзе парушаны.
Сярод тых, хто выступаў у падтрымку ўдзельніц Pussy Riot з заходніх музыкаў - Стынг, Мадонна, ісландская спявачка Б'ёрк, былы фронтмэн гурта Sex Pistols Джон Лайдан, а таксама Пітэр Гэбрыэл, Паці Сміт, Марк Алмонда, групы The Who, Pulp і Pet Shop Boys .
Сумесную заяву на імя старшыняў Вярхоўнага суда і Масгарсуда ў чэрвені мінулага года напісалі і расейскія дзеячы культуры, у тым ліку Андрэй Макарэвіч, Барыс Грэбеншчыкоў, Юрый Шаўчук, Алег Басілашвілі, Фёдар Бандарчук і Раман Вікцюк.