Кожны жыхар Менска аднёс у банк 2284 даляры
- 23.05.2013, 13:47
Самымі азартнымі гульцамі ў банкаўскую рулетку сталі жыхары Менска (2284 даляра на жыхара) і Гродзенскай вобласці (733 даляра на жыхара).
Уклады насельніцтва ў беларускіх рублях і СКВ на 1 траўня 2013 года перавысілі 87 790,4 мільярдаў беларускіх рублёў або каля 1070 даляраў на кожнага жыхара. Пра гэта паведамляе прэс-служба Нацбанка.
Больш усяго грошай у банкі аднеслі жыхары Менска - 37 650,7 млрд. рублёў, менш усіх - жыхары Магілёўскай вобласці - 6 728,6 млрд. рублёў.
Цікава, хто ж з жыхароў рэгіёнаў больш азартны і схільны да рызыкоўнай гульні ў банкаўскую рулетку з дзяржавай.
Для гэтага мы падзялілі суму ўкладаў на колькасць жыхароў беларускіх рэгіёнаў і аказалася, што менчукі ў любым выпадку прынеслі ў банкі больш зберажэнняў - на аднаго жыхара прыходзіцца 19,8 мільёнаў беларускіх рублёў, з вялікім адрывам адстаюць іншыя рэгіёны.
Самымі азартнымі сярод жыхароў абласцей сталі гродзенцы - на аднаго жыхара прыходзіцца 7,4 мільёна беларускіх рублёў дэпазітаў, у Віцебскай вобласці - 7,12 млн, у Гомельскай - 7,01 млн, у Брэсцкай - 6,35 млн, у Магілёўскай - 6,25 млн. Самымі асцярожнымі сталі жыхары Менскай вобласці: на аднаго жыхара прыпадае ўсяго 5,8 млн. беларускіх рублёў.