BE RU EN

Справа аб штурме Віленскай тэлевежы: 30 беларусаў і расейцаў могуць стаць падазраванымі

  • 23.05.2013, 13:17

Генпракуратура Літвы звярнулася ў Віленскі ўчастковы суд з просьбай прызнаць падазраванымі па справе аб падзеях 13 студзеня 1991 года яшчэ 30 чалавек.

«Гэтыя асобы, гэтак жа, як і першыя дваццаць, у дачыненні да якіх Віленскі ўчастковы суд 17 траўня вырашыў задаволіць просьбу пракурораў і прызнаў іх падазраванымі, з'яўляюцца грамадзянамі Расеі і Беларусі», - гаворыцца ў паведамленні пракуратуры.

У цэлым да крымінальнай адказнасці намячаецца прыцягнуць 81 чалавека: кіраўнікоў Кампартыі, міністэрстваў абароны, унутраных спраў, КДБ, афіцэраў, якія ўдзельнічалі ў захопе Дома друку, тэлевежы, будынка Літоўскага радыё і тэлебачання, перадае «Інтэрфакс».

Генпракуратура сцвярджае, што расследаванне праводзіцца ў сувязі са злачынствамі супраць чалавечнасці і ваеннымі злачынствамі.

За інкрымінуемыя справы ім пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад некалькіх гадоў да пажыццёвага.

Ноччу 13 студзеня 1991 года пры штурме савецкімі ваеннымі падраздзяленнямі Віленскай тэлевежы і будынку Тэлерадыёкамітэта загінулі 14 чалавек. 31 ліпеня таго ж года на мытным пасту Мядзінінкай (Medininkai) былі забітыя сямёра супрацоўнікаў паліцыі і мытні, якія ахоўвалі мяжу тады яшчэ не прызнанай Савецкім Саюзам Літоўскай дзяржавы.

У справе аб падзеях 13 студзеня суд у жніўні 1999 года вынес прысуд - за стварэнне антыдзяржаўных арганізацый і заклікі да гвалтоўнага парушэння суверэнітэту Літвы былі асуджаныя Міколас Буракявічус, Юозас Ярмалавічус, Юозас Куаляліс (Mykolas Burokevicius, Juozas Jarmalavicius, Juozas Kuolelis). За першае злачынства таксама асуджаныя Леонас Барташавічус (Leonas Bartosevicius) і Станіслаў Міцкевіч. Путчысты абскардзілі прысуд у Еўрапейскім судзе па правах чалавека ў Страсбургу, аднак суд скаргі адхіліў.

Беларусь дагэтуль адмаўляецца выдаваць Літве генерала Уладзіміра Усхопчыка, які з'яўляецца абвінавачаным па справе аб антыдзяржаўным перавароце 13 студзеня 1991 года. Пачынаючы з 1992 года, супрацоўнікі пракуратуры Літвы рэгулярна патрабавалі ў беларускіх уладаў выдачы Усхопчыка. Але замест таго, каб выдаць абвінавачанага ўладам той краіны, на тэрыторыі якой ён абвінавачваецца ў здзяйсненні шматлікіх (у тым ліку цяжкіх) злачынстваў, Лукашэнка ў траўні 2000 года прызначыў Усхопчыка намеснікам міністра абароны. 23 лютага 2004 ён узнагародзіў генерал-лейтэнанта ордэнам «За службу Радзіме» 1 ступені.

Апошнія навіны