BE RU EN

Андрэй Дзмітрыеў: Наша мэта - перамены

  • 23.05.2013, 15:20

Кампанія «Народнага рэферэндуму» аб'яднае беларусаў, лічыць намеснік старшыні грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!».

«Мы пачынаем дыскусію пра тое, якія пытанні ўвойдуць у павестку «Народнага рэферэндуму». Асноўныя тэмы - эканамічнае развіццё краіны, сацыяльная абарона сем'яў і аднаўленне справядлівай і эфектыўнай дзяржавы. У нас няма сумневаў: гэта хвалюе сёння большасць людзей у Беларусі», - заяўляе Андрэй Дзмітрыеў.

Палітык падкрэслівае празрыстасць і адкрытасць кампаніі «Народны рэферэндум» для ўсіх дэмакратычных сілаў.

«Стварэнне павесткі Рэферэндуму будзе адкрытым працэсам, які аб'ядноўвае нас. Кожны грамадзянін павінен мець права задаць сваё пытанне. Мы, вядома, правядзем і экспертныя дыскусіі з гэтай нагоды. Сёння я афіцыйна ўсіх запрашаю ўключыцца ў гэты працэс, каб у верасні павестка рэферэндуму была сфарміраваная, і мы зрабілі наступны крок», - кажа Андрэй Дзмітрыеў.

«А наступны крок - гэта фарміраванне Грамадзянскага камітэта «Народнага рэферэндуму», які аб'яднае тых, хто сёння хоча сістэмных змен у Беларусі. Першапачаткова ў яго ўвойдуць прадстаўнікі «Гавары праўду», руху «За свабоду» і Партыі БНФ. Упершыню мы аб'яднаем мясцовыя-прэзідэнцкія-парламенцкія выбары ў адзіную кампанію «Народнага рэферэндуму». Дзе выбары - гэта метад. Мэта - перамены», - падкрэслівае Дзмітрыеў.

Нагадаем, рух «За Свабоду», Партыя БНФ і «Гавары праўду» абвясцілі пра пачатак кампаніі «Народны рэферэндум». 20 траўня на прэс-канферэнцыі тры апазіцыйныя арганізацыі заявілі пра доўгатэрміновае стратэгічнае партнёрства. Супрацоўніцтва разлічана, па меншай меры, на тры бліжэйшыя выбарчыя кампаніі - «выбары» ў мясцовыя саветы, прэзідэнцкія і парламенцкія «выбары».

Апошнія навіны