Расейскія навукоўцы напішуць падручнік па гісторыі для беларускіх школьнікаў
- 24.05.2013, 9:07
Навукоўцы Беларусі і Расеі распрацоўваюць канцэпцыю школьнага дапаможніка для пазакласнага чытання па гісторыі двухбаковых адносін.
Пра гэта ўчора журналістам паведаміў дзяржаўны сакратар «саюзнай дзяржавы» Рыгор Рапота пасля завяршэння пленарнага пасяджэння VIII Беларускага міжнароднага медыяфоруму «Партнёрства ў імя будучыні: гісторыка-культурная спадчына як фактар яднання», перадае БелТА.
Расейскі чыноўнік адзначыў, што сам ён акуратна падыходзіць «да фіксацыі нейкіх непарушных ісцін ў гістарычных падручніках. Хоць тое, што ўжо прайшло апрабацыю грамадскай думкай і навукай, можа быць дакладна зафіксавана, каб даць арыенціры моладзі».
Гаворачы пра значэнне медыяфоруму, Рыгор Рапота адзначыў, што такія сустрэчы дазваляюць не толькі даведацца нешта новае, але і абазначыць сваю пазіцыю па актуальных пытаннях.
Дзяржаўны сакратар «саюзнай дзяржавы» дадаў, што ён выступае за як мага больш глыбокае асвятленне ў СМІ расейска-беларускіх праектаў.
Медыяфорум працягне сваю працу да 25 траўня. Пленарнае пасяджэнне праходзіць сёння ў гарадскім пасёлку Мір Гродзенскай вобласці. Сярод заяўленых у праграме тэм «Сродкі масавай інфармацыі: гістарычная місія ў захаванні і развіцці гісторыка-культурнай спадчыны», «Мова, нацыянальная літаратура як фактары суверэнітэту дзяржаў і яднання народаў».
Адзначым, што ў Расеі ўжо некалькі месяцаў вядуцца спрэчкі аб «адзіным падручніку гісторыі». З ініцыятывай яго выдання выступіў Уладзімір Пуцін. У лютым ён заявіў, што лічыць неабходным распрацаваць для сярэдняй школы адзіныя падручнікі гісторыі Расеі, якія будуць пазбаўленыя ўнутраных супярэчнасцяў і двайных тлумачэнняў. Навукоўцы і грамадскасць раскрытыкавалі гэтую ідэю, лічачы, што яе рэалізацыя паслужыць аднабаковаму асвятленню гісторыі ў інтарэсах уладаў.