N.R.M. упершыню за тры гады даў вялікі канцэрт
- 24.05.2013, 10:26
23 траўня ў сталічным клубе «Гудвін» адбыўся канцэрт гурта NRM «Настальгія або параноя».
Музыкі выканалі як старыя, добра вядомыя публіцы кампазіцыі, так і песні з новага альбома, які будзе прэзентаваны восенню, піша БелаПАН.
«Гэта наш першы канцэрт за апошнія тры гады ў Менску. Мы гулялі шмат у правінцыі, у нейкіх падпольных памяшканнях, ладзілі кватэрнікі, але нармальна не выступалі. І вось нарэшце людзі проста ўбачылі афішы, набылі квіток і прыйшлі на наш канцэрт», - адзначыў саліст NRM Піт Паўлаў.
Гаворачы пра бліжэйшыя планы, Паўлаў заўважыў: «Мы запланавалі вялікі канцэрт на восень, каб усе жадаючыя змаглі прыйсці і нас паслухаць. Новы альбом ужо гатовы - нават я яго бачыў, але мы вам яго прадставім толькі восенню».
Саліст гурта падкрэсліў, што на канцэрце музыкі выканалі мала песень з новага альбома: «Мы баімся паказваць вам шмат новых песень, хай і на восень застанецца, калі мы вам пакажам дыск».
Гурт таксама выканаў кампазіцыю «Кузнічка», з якой збіралася ўдзельнічаць у «Еўрабачанні», але журы не прапусціла песню ў фінал адборачнага тура.
Нагадаем, на канцэрце N.R.M. у «Гудвіне» была забароненая відэаздымка. Журналістам незалежнага тэлеканала «Белсат» адмовілі ў акрэдытацыі на мерапрыемства.