BE RU EN

Наталі Портман можа зняцца ў беларускім фільме «Брут»

  • 24.05.2013, 11:21

Галівудскія актрысы Наталі Портман або Міла Куніс могуць стаць выканаўцамі галоўнай ролі ў сумесным беларускім фільме «Брут».

Пітчынг стужкі (прэзентацыя праекта з мэтай знаходжання інвестараў) адбыўся на 66-м Міжнародным кінафестывалі ў Канах, паведамілі БелТА ў Беларускім відэацэнтры.

Карціна «Брут» - другая частка трылогіі «Сведкі» памяці ахвяр халакосту. Першай навэлай з'яўляецца даволі вядомая стужка «Туфлік», ганараваная Гран-пры «Срэбраная кінастужка» VIII Міжнароднага фестывалю кінамастацтва «Imperia» (Італія).

Фільм будзе здымацца па матывах аповяду выбітнага чэшска-нямецкага пісьменніка Людвіга Ашкеназі. Гісторыя апавядае пра тое, як вайна, расавыя законы, чалавечыя подласць і жорсткасць разлучылі нямецкую аўчарку па мянушцы Брут з любімай гаспадыняй. Трапіўшы з гадавальніка ў канцлагер вартавым сабакам, у працэсе маніпуляцый, дрэсуры і трэніровак бяскрыўдны хатні ўлюбёнец і памочнік ператвараецца ў звера-забойцу. Фільм будзе здымацца ў Чэхіі і Беларусі восенню і зімой 2013-2014 гадоў. Упершыню фільм пра вайну будзе зняты такой незвычайнай кінамовай. Погляд на чалавечую трагедыю праз гісторыю сабакі дазваляе максімальна глыбока ўсвядоміць жах фашызму, ацаніць увесь драматызм і глыбіню таго, што адбылося.

Праект падчас адмысловай праграмы Канскага кінафестывалю Short Film Corner («Куток кароткаметражных фільмаў») прадставілі рэжысёр і аўтар сцэнара - Канстанцін Фам (Расея), а таксама прадзюсар фільма - Юрый Ігруша (Беларусь, Беларускі відэацэнтр).

Фільм пагадзіліся падтрымаць мемарыял Яд ва-Шэм (Ізраіль), магістратура горада Прага (Чэхія), Музейны комплекс Тэрэзін (Чэхія), РУП «Беларускі відэацэнтр», Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

У працы над карцінай прымуць удзел аператар-пастаноўшчык Брус Алан Грын, прызнаны ў свеце аператар-стэдзікам па здымцы сабак і экшн-сцэн («Бетховен», «Спартанец», «Мортал Комбат», «Індыга»); спецыяліст па спецэфектах, лаўрэат прэмій «Оскар» і «Залаты Глобус» («Тытанік», «101 далмацінец», «Інтэрв'ю з вампірам») Прайс Петэл і Раберта А. Ферэцці - рэжысёр мантажу, лаўрэат прэміі «Оскар» («Рокі», «Рэд Кліф» , «Танга і Кэш»). У цяперашні час ідуць перамовы аб удзеле ў праекце амерыканскай актрысы - зоркі класа «А».

Бюджэт фільма (без ганарару зоркі) складае $500 тыс. - вельмі высокая лічба для кароткага метра. Першымі вынікамі пітчынгу сталі сустрэчы і перамовы з прадзюсарамі і адборшчыкамі фестываляў. Адразу пасля пітчынгу прайшлі перамовы і дасягнутае пагадненне з прадзюсарам Сяргеем Ждановічам кампаніі «Нон Стоп Медыя» (Рэспубліка Беларусь), якая ўвойдзе ў праект тэхнічным рэсурсам і арганізуе ўдзел у фільме амерыканскай актрысы. Прадзюсар Ігар Лапацянок «Global 3 D» (ЗША) возьме на сябе пост-прадакшн і амерыканскі пракат. Прадзюсер Саша Кляйн (Ізраіль) узяў на сябе абавязацельствы па арганізацыі фінансавай падтрымкі ад ізраільскіх фондаў і ізраільскі пракат. Прадзюсар Іван Лапацін «Лівандзія энтэртэймент» (Расея) зоймецца міжнародным фестывальным лёсам карціны.

На Канскім фестывалі ў Нацыянальным павільёне Беларусі таксама прайшла прэзентацыя ўсяго кінаальманаха «Сведкі».

Апошнія навіны