Дактыласкапія для ўсіх
- 24.05.2013, 12:42
У Беларусі будуць уведзеныя біяметрычныя пашпарты, для атрымання дакумента трэба здаць адбіткі пальцаў.
Старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі Аляксандр Баячко паведаміў, што ў Беларусі будуць уведзеныя біяметрычныя пашпарты.
«Увесь свет выкарыстоўвае біяметрычныя пашпарты, і ў Беларусі плануецца ўвядзенне такіх пашпартоў», - сказаў Баячко на прэс-канферэнцыі ў пятніцу ў Менску.
Нагадаем, у 2012 годзе старшыня Канстытуцыйнага суда Беларусі Пётр Міклашэвіч заяўляў, што «дактыласкапія ўсіх грамадзян - гэта аб'ектыўны працэс».
На дадзены момант адбіткі пальцаў абавязаныя здаваць усе ваеннаабавязаныя грамадзяне Беларусі. Раней гэтую працэдуру ў абавязковым парадку павінны былі праходзіць толькі шэраг катэгорый грамадзян, астатнія маглі зрабіць гэта добраахвотна.
Нагадаем, масавае дактыласкапаванне жыхароў Беларусі пачалося пасля выбуху 4 ліпеня 2008 года ў Менску на святкаванні Дня Незалежнасці. Спачатку беларускія спецслужбы не прыдумалі нічога лепшага, як прыступіць да дактыласкапіі ўсіх, хто прысутнічаў на святочным мерапрыемстве і знаходзіўся ў раёне выбуху на аснове дадзеных мабільных аператараў. Затым зняцце адбіткаў пальцаў у грамадзянаў пачалося па ўсёй краіне.