Украінскія кандытары: Страты з-за незаконнай блакады склалі $10 мільёнаў
- 24.05.2013, 16:18
Беларусь «амаль зняла» блакаду прадукцыі ўкраінскіх кандытарскіх фірмаў.
Пра гэта паведаміў прэзідэнт асацыяцыі «Укркандпрам» Аляксандр Балдынюк, каментуючы вынікі пасяджэння Міжурадавай украінска-беларускай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве, якое адбылося 22 траўня 2013 у Кіеве.
Ён адзначыў, што жорсткая пазіцыя ўкраінскіх перамоўшчыкаў у адстойванні нацыянальных эканамічных інтарэсаў краіны спрыяла пэўнаму прагрэсу па ўрэгуляванні праблемных пытанняў.
«На сёння практычна знятая блакада, якая была ўчыненая беларускімі мытнікамі ўкраінскім кандытарскім вырабам», - распавёў Аляксандр Балдынюк.
Разам з тым ён адзначыў, што вяртанне беларускага боку да звычайнага парадку ажыццяўлення мытных працэдур вырашае толькі частку праблемы.
Паводле яго слоў, застаюцца істотныя цяжкасці доступу ўкраінскіх кандытарскіх вырабаў да беларускага спажыўца. Гэта абумоўлена тым, што беларускія ўлады, нягледзячы на запэўніванні беларускіх чыноўнікаў, працягваюць практыку адміністрацыйнага абмежавання продажаў украінскіх прысмакаў у беларускім гандлі.
«Укркандпрам» мае інфармацыю ад украінскіх прадпрыемстваў-экпарцёраў, якая пацвярджае факты ціску беларускіх уладаў на мясцовыя суб'екты гандлю. З прычыны такога ціску айчынныя кандытарскія прадпрыемствы не могуць аднавіць папярэднія аб'ёмы экспарту ў нашу краіну. Арыенціровачныя страты ўкраінскіх прадпрыемстваў ад незаконных дзеянняў Беларусі складаюць прыкладна 40-50 мільёнаў грыўняў (каля $5 мільёнаў) у месяц без уліку страт сумежных галін: цукровай, мучной, крухмалапатакавай і алейнатлушчавай. Блакада працягвалася амаль два месяцы.
«Беларусь паспяхова адпрацавала і ўжыла механізм прадухілення паставак украінскіх кандытарскіх вырабаў менавіта напярэдадні перыяду святочных пікавых продажаў. Улічваючы, што Украіна не змагла сфармаваць хуткі і адэкватны адказ, застаецца высокай пагроза рэгулярнага выкарыстання падобных метадаў як Беларуссю, так і іншымі краінамі, на рынках якіх паспяхова канкуруе ўкраінская кандытарская прадукцыя», - падкрэсліў Балдынюк.
Нагадаем, з пачатку красавіка не ажыццяўляецца экспарт з Украіны ў Беларусь практычна ўсіх відаў кандытарскіх вырабаў з-за прыпынення беларускімі мытнымі службамі іх афармлення і пропуску праз мяжу.