BE RU EN

«Славянскі базар» уляціць у капейку

  • 24.05.2013, 16:36

У гэтым годзе Беларусь плануе выдаткаваць на «Славянскі базар» $1,5 млн.

На арганізацыю «Славянскага базару ў Віцебску - 2013» выдаткуюць Br40 млрд, а зарабіць плануюць усяго Br27 млрд. Гэта значыць, Беларусь страціць на правядзенні фестывалю Br13 млрд, або каля $1,5 млн, перадае «Белсат».

Але, магчыма, гэтыя страты акупляюцца прэстыжам, які дае правядзенне фестывалю Беларусі?

«ХХІІ Славянскі базар у Віцебску» пройдзе з 11 да 15 ліпеня. У гэтым годзе праграма фестывалю будзе скарочаная да 5 дзён. Самы дарагі білет будзе каштаваць Br980 тыс.

Эканаміст Леанід Заіка перакананы, што ніякага прэстыжу «Славянскі базар» Беларусі не дадае і іміджу не паляпшае, а толькі вымывае грошы - на ганарары артыстам, на іх размяшчэнне і гэтак далей.

«Славянскі базар» - не рынкавая з'ява, гэта чыста палітычнае, прапагандысцкае мерапрыемства. І ён ніколі не будзе рэнтабельным, ва ўсякім выпадку пры той канцэпцыі, якую ён цяпер мае», - упэўнены эканаміст.

Акупнасць фестывалю вагаецца на ўзроўні 40-60%. Толькі ў 2010 годзе даходы ад фестывалю апынуліся больш выдаткаў на Br332,5 млн.

Задачы зрабіць фестываль самаакупным Заіка лічыць невыканальнымі:

«Ну, дык з чаго гэтай самаакупнасці дасягаць? Калі, напрыклад, павысіць кошты на квіткі, то беларусы наогул туды не пойдуць».

На думку Леаніда Заікі, у Віцебску рэнтабельным мог бы стаць якой-небудзь «яўрэйскі базар», асабліва, калі яго звязаць з Маркам Шагалам». Такі фестываль, як лічыць эканаміст, мог бы быць цікавым, і прыцягнуў бы гасцей з-за мяжы.

Блогер Яўген Ліпковіч заўважае, што ніякай славянскасці і тым больш нічога нацыянальнага ў канцэпцыі мерапрыемства няма.

«Гэты фестываль - гэта папса, кланаванне Кіркорава ў любым вобразе, ён ужо даўно страціў нейкі свой інтарэс», - упэўнены Ліпковіч.

Яўген Ліпковіч лічыць, што «Славянскі базар» даўно ўжо трэба змяняць, і прапануе сваё бачанне пераменаў. «Каб сёння атрымаць і аншлаг, і прыбытак, трэба было «Ляпісаў» туды запрасіць», - лічыць блогер.

Нагадаем, у гэтым годзе нязменны дырэктар міжнароднага фестывалю Радзівон Бас напісаў заяву аб звальненні.

Апошнія навіны