BE RU EN

Барыс Кіт: Чалавек можа развівацца, толькі калі ён вольны

  • 24.05.2013, 17:01

Легендарны беларус раскрыў сакрэт даўгалецця.

Група журналістаў тэлеканала «Белсат» наведала легендарнага беларускага навукоўца Барыса Кіта ў нямецкім доме састарэлых.

Былы дырэктар віленскай і навагрудскай гімназій, выбітны фізік, чые працы дазволілі адправіць чалавека на Месяц, акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі. Усё гэта - пра нашага суайчынніка.

У апошнія гады Барыса Кіта не здымалі на відэа. Выбітны навуковец цяпер жыве ў Германіі ў доме састарэлых.

Барыс Кіт пражыў на радзіме 24 гады. Ён выкладаў у Віленскай гімназіі, адрадзіў Навагрудскую гімназію. Падчас нямецкай акупацыі здолеў арганізаваць настаўніцкія семінарыі ў Маладзечне і Паставах, аднак з надыходам савецкіх войскаў гэтыя навучальныя ўстановы зачыніліся.

З засценкаў гестапа яго выратавалі былыя вучні віленскай гімназіі Адам Дасюкевіч і Канстанцін Касяк.

Пасля вайны Барыса Кіта прыняла Амерыка, дзе ён напісаў падручнік, па якім вучыліся астранаўты, і вынайшаў спосаб выкарыстання вадароду ў якасці касмічнага паліва.

У фільме «Белсата» да яго 99-годдзя Кіт прызнаецца, што думкі пра радзіму не пакідалі яго ніколі. «Я заўсёды марыў, што калі-небудзь вярнуся і буду працаваць на карысць вольнай Беларусі. Гэта ж усё роднае: мой бацька - беларус, і тут я правёў сваё дзяцінства. Чалавек можа развівацца, толькі калі ён вольны, інакш, ён не развіваецца», - адзначыў ён.

Сакрэт даўгалецця, па словах Барыса Кіта, якому 103 гады, у тым, каб не пераставаць думаць, рухацца і шчыра любіць радзіму.

Як кажуць медсёстры дома састарэлых, дзе цяпер жыве навуковец, ён захаваў жвавасць і пачуццё гумару.

Барыс Кіт хацеў бы паспець хоць бы раз убачыць радзіму, сачыць за навінамі з якой не перастае.

Апошнія навіны