BE RU EN

Беларускія «вертыкальнікі» едуць на гарналыжную базу ў Друскенікі

  • 24.05.2013, 19:20

У Літве ў гарадах Алітус і Друскенікі 28-29 траўня пройдзе другі беларуска-літоўскі форум рэгіянальнага супрацоўніцтва.

На чарговым форуме плануецца абмеркаваць будучыню дзвюхстаронняга супрацоўніцтва мясцовых і рэгіянальных уладаў, праблемы мясцовай эканомікі, заахвочванне турызму, развіццё сельскай гаспадаркі, паведамляе БелТА.

Чакаецца, што ў форуме возьмуць удзел больш за 200 прадстаўнікоў беларускіх і літоўскіх дзяржаўных арганізацый, мясцовых самакіраванняў, улад гарадоў-партнёраў рэгіянальнага супрацоўніцтва, універсітэтаў, грамадскасці, а таксама дзелавых колаў.

Як паведамляе пасольства Беларусі ў Літве, «практыка паказвае, што асновай паспяховага ўзаемадзеяння Беларусі з Літвой у гандлёва-эканамічнай сферы з'яўляецца міжрэгіянальнае супрацоўніцтва: яно забяспечвае штогод да 30% прыросту ўзаемнага тавараабарачэння. І гэты факт надае другому беларуска-літоўскаму форуму рэгіянальнага супрацоўніцтва асаблівую значнасць».

Як спадзяюцца арганізатары, форум «надасць новы імпульс развіццю і паглыбленню гандлёва-эканамічнага, навукова-тэхнічнага і гуманітарнага супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі дзвюх краін».

У праграме форуму - наведванне беларускай дэлегацыяй Парку гарманізацыі грамадства ў Прэнайскім раёне, прадпрыемстваў Алітуса і Алітускага раёна, закрытай гарналыжнай трасы ў Друскеніках.

Нагадаем, што надоечы ў Клайпедзе прайшоў Беларуска-літоўскі эканамічны форум, які выклікаў крытыку міжнароднай супольнасці.

Апошнія навіны