BE RU EN

60 гадоў найбуйнейшаму паўстанню вязняў ГУЛАГа

  • 25.05.2013, 10:25

25 траўня 1953 года паўсталі зняволеныя Гарлага ў Нарыльску. Сярод лідараў акцыі масавага негвалтоўнага выступлення былі беларусы.

Нарыльскае паўстанне стала самым працяглым і масавым у гісторыі ГУЛАГа. З 25 траўня да 4 жніўня 1953 года буйныя хваляванні адбываліся ва ўсіх шасці аддзяленнях Гарлага. Яго падтрымалі і ў некаторых суседніх лагерах. Па дадзеных архіваў лік вязняў, якія адначасова баставалі, перавысіў 16 тысяч чалавек.

Забастоўка пачалася да арышту Лаўрэнція Берыі, а яе падаўленне супала з весткай аб яго арышце. Пасля гэтага некаторыя лагаддзяленні баставалі яшчэ 3 тыдні, так як камісія ГУЛАГа, якая дзейнічала ад яго імя, і была занятая падрыхтоўкай падаўлення, тэрмінова вярнулася ў Маскву.

Перадумовамі да паўстання стала прыбыццё ў Гарлаг этапаў са зняволенымі, якія ўжо мелі вопыт удзелу ў лагерных хваляваннях 1952 года, а таксама смерць Іосіфа Сталіна 5 сакавіка 1953 года. Многія палітвязні разлічвалі выйсці на волю ў сувязі са смерцю дыктатара. Але амністыя, якая рушыла за ёю, распаўсюдзілася толькі на крымінальнікаў і зняволеных з малымі тэрмінамі, працэнт якіх у Гарлаге быў невялікі.

Вялікая колькасць зняволеных былі палітычнымі.

Крыніцы адзначаюць, што першыя выступленні былі справакаваныя адміністрацыяй лагера. Яе вінавацілі ў стральбе па жылых зонах і забойстве аховай зняволеных. Усяго на працягу першых пяці месяцаў 1953 года было забіта каля 20 вязняў.

Паводле існуючай інфармацыі, усяго ў паўстанні ўдзельнічала каля 30 тысяч чалавек. У выступленнях прымалі ўдзел практычна ўсе катэгорыі зняволеных.

На чале паўстанцаў стаялі былыя вайскоўцы і ўдзельнікі нацыянальных рухаў з Беларусі, Украіны, Літвы, Латвіі, Казахстана і Грузіі. Адным з кіраўнікоў выступлення быў Рыгор Клімовіч з-пад Гомеля. Ён быў аўтарам гімна паўстанцаў - «Не страшна нам тирания большевизма». Цікава, што ён быў напісаны на матыў адной з паходных песень Украінскага паўстанцкага войска.

Паўстанцы стварылі ў мяцежных лагерах органы самакіравання. Паколькі адміністрацыя лагера не карысталася даверам, лагернікі патрабавалі маскоўскай урадавай камісіі. У тым, што камісія з Масквы прыляціць, сумневаў не было. Зняволеныя вырашылі да прыезду камісіі не выходзіць на працу і рыхтаваць пералік сваіх патрабаванняў. Яны вылучылі тры эканамічных патрабавання:

- Скарачэнне 10-12-гадзіннага працоўнага дня да 7-8-гадзіннага;

- Выплата заробленых грошай (палову на асабісты рахунак, палову на рукі);

- Паляпшэнне бытавых умоў, медыцынскага абслугоўвання і культурна-выхаваўчай працы.

Акрамя гэтага, зняволеныя запатрабавалі выканаць наступныя ўмовы:

- Перагледзець справы палітвязняў (асноўнае патрабаванне);

- Пакараць вінаватых у самавольстве - работнікаў МУС/МГБ;

- Адмяніць нашэнне нумароў на вопратцы;

- Зняць з вокнаў баракаў рашоткі і з дзвярэй замкі;

- Не абмяжоўваць перапіску з роднымі двума лістамі ў год;

- Пусціць з лагераў інвалідаў;

- Вывезці на радзіму замежнікаў;

- Змякчыць пакаранні за парушэнне рэжыму;

- Гарантаваць бяспеку дэлегатам вязняў, якія вядуць перамовы з камісіямі МУС.

Паўстанне было жорстка задушана да восені 1953 года.

Па дадзеных намесніка пракурора Нарыльлага Паўлоўскага, які ўдзельнічаў у расследаванні абставінаў паўстання, у яго ходзе было забіта каля 100 чалавек і паранена больш за 200 чалавек. Па іншых звестках, забіта каля 200 чалавек, паранена 400 чалавек. Паводле запісу ў могілкавай кнізе Нарыльска за 1953 год, летам у агульнай магіле пахаваныя безыменнымі 150 чалавек.

Тых кіраўнікоў супраціву і актывістаў лагернага самакіравання, якія засталіся ў жывых, кінулі ў цэнтральны ШЫЗА, празваны зняволенымі «мясакамбінатам».

Праз некалькі месяцаў Горлаг быў зачынены, яшчэ крыху пазней зачынена было і Галоўнае ўпраўленне лагераў (ГУЛАГ), а ўмовы ўтрымання зняволеных значна памякчэлі.

Апошнія навіны