Наступствы НЗ пад Баранавічамі: на Брэстчыне закрываюць свінафермы
- 25.05.2013, 11:30
У Брэсцкай вобласці ліквідуюць дробныя свінафермы.
Пра гэта піша газета «Вечерний Брест».
Так, у Рылавічах Іванаўскага раёна закрываюць свінаферму, і яе ўласнік у асобе УКСП «Бродніца» распрадае жывёл. З 82 галоў у мінулую пятніцу на ферме засталося крыху больш за дваццаць. Нядаўна пакрытых свінаматак здалі на Мотальскі камбінат кааператыўнай прамысловасці, паросных разбірае мясцовае насельніцтва. Сваім работнікам гаспадарка адпускае жывёл у кошт заработнай платы.
Рылавіцкая свінаферма не адзіная ў раёне, якую напаткаў лёс ліквідацыі. Аналагічныя працэсы адбываюцца сёння па ўсёй вобласці.
Паводле інфармацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Пінскага райвыканкама, у Пінскім раёне, напрыклад, свінафермы ўжо ліквідаваныя ў СВК «Ласіцк», СВК «Лышча», ПСУП «Кончыцы-Агра». Па шэрагу іншых пытанне разглядаецца. Прычынай гэтак рэзкіх змяненняў, тлумачаць аграрыі, стала захворванне жывёл на свінакомплексе «Усходні» ў Баранавіцкім раёне. Кіраўнік аблвыканкама Канстанцін Сумар распарадзіўся прывесці да 1 чэрвеня 2013 года ўсе свінафермы на тэрыторыі вобласці ў адпаведнасць з санітарнымі і ветэрынарнымі патрабаваннямі. А тыя з іх, дзе выканаць гэтыя патрабаванні немагчыма, папросту ліквідаваць. Вызваленыя памяшканні выкарыстоўваць для ўтрымання буйной рагатай жывёлы.
Як паведамляў charter97.org, на свінакомплексе «Усходні», які належыць Баранавіцкай камбінату хлебапрадуктаў, зафіксаваны вялікі падзеж жывёлы. Мясцовае кіраўніцтва катэгарычна абвяргала любую інфармацыю аб НЗ, але пры гэтым раён свінакомплексу быў ачэплены міліцыяй, а мясцовыя жыхары пацвярджалі, што ажыццяўляецца масавае пахаванне жывёл.
Фота з архіва