BE RU EN

Янукевіч: Палажэнні дакладу Палецкіса не пацьвярджаюцца

  • 25.05.2013, 15:09

Беларускім уладам паказалі, якім мог бы быць прыняты Еўрапарламентам дакумент, калі б яны прыслухаліся да меркавання ЕЗ.

Пра гэта заявіў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, выступаючы 25 траўня на пасяджэнні сойму арганізацыі, піша БелаПАН.

На яго думку, цяпер наўрад ці можна казаць, што паміж афіцыйным Менскам і Еўразвязам ідзе «нават мінімальна пастаянны дыялог». «У той жа час кожны бок робіць свае крокі і заявы, якія тычацца гэтага дыялогу», - адзначыў палітык.

Як лічыць Янукевіч, у дакладзе дакладчыка дэлегацыі Еўрапарламента па Беларусі Юстаса Палецкіса змяшчаюцца некаторыя палажэнні, якія не пацвярджаюцца рэчаіснасцю, у прыватнасці пра паляпшэнне сітуацыі ў Беларусі. Аднак, адзначыў ён, такія палажэнні дакумента «гучаць, хутчэй, як авансы беларускім уладам».

«З'яўленне дакумента не сведчыць пра намер Еўрапарламента знізіць свае планкі патрабаванняў у дачыненні да афіцыйнага Менска. Даклад будзе яшчэ дапрацоўвацца. Тое, што мы бачылі, гэта не канчатковы тэкст», - сказаў палітык.

Больш за тое, лічыць Янукевіч, у чымсьці нават добра, што афіцыйным уладам паказалі, якім мог бы быць прыняты Еўрапарламентам дакумент, калі б яны прыслухаліся да меркавання Еўразвяза. «Гэта такая дэманстрацыя, сігнал уладам, што ЕЗ гатовы весці дыялог, у тым ліку здымаць візавыя абмежаванні ў дачыненні да чыноўнікаў. Але каб такі дакумент стаў рэальнасцю, улады павінны зрабіць усім вядомыя крокі», - сказаў ён.

Янукевіч лічыць, што такая пазіцыя ЕЗ «правільная і накіраваная на тое, каб усімі спосабамі імкнуцца да вызвалення палітвязняў, мадэрнізаваць Беларусь». «Але планку патрабаванняў да афіцыйнага Менска Еўразвяз не знізіў», - падкрэсліў ён.

Апошнія навіны