BE RU EN

«Хочаце легалізаваць антэну? - 400 даляраў»

  • 30.05.2013, 10:34

Беларусы вымушаныя парушаць новую пастанову Саўміна, таму што ўсталяваць спадарожнікавую талерку па ўсіх правілах проста немагчыма.

Карэспандэнт «Комсомольской правды в Беларуси» вырашыў высветліць, ці рэальна прайсці «кругі бюракратычнага пекла» і легальна ўсталяваць антэну.

На мінулым тыдні запрцавала пастанова беларускага Савета міністраў, у якой гаворыцца, што павінны зрабіць сумленныя грамадзяне, каб талерка на іх балконе законна транслявала замежныя тэлеканалы.

Па сутнасці, гэта ўжо не першая хваля барацьбы са спадарожнікавымі талеркамі. Абмежаванні і ўмовы на іх ўсталёўку існавалі і раней, але да іх далёка не ўсе прыслухоўваліся. Цяпер працэс узгаднення выразна задакументаваны - каб усталяваць талерку на балконе шматкватэрнага дома, прыйдзецца прайсці не адзін этап узгадненняў. Карэспандэнт «Комсомолки» вырашыў высветліць, ці рэальна прайсці «кругі бюракратычнага пекла» і легальна ўсталяваць антэну

«У мінулы раз пад раздачу патрапілі самыя нахабныя»

- Навошта табе гэта ўсё трэба? - здзіўляўся знаёмы ўсталёўшчык спадарожнікавых талерак Аляксандр. - У Менску стаяць дзесяткі тысяч талерак, і ўсё ў парадку. Хваля барацьбы з талеркамі ўжо далёка не першая - у мінулы раз абышлося паказальным дэмантажом пары-тройкі. Пад раздачу патрапілі толькі самыя злосныя і нахабныя парушальнікі, талеркі якіх выходзілі на цэнтральны праспект. Я не думаю, што зараз сітуацыя будзе іншай.

З дакументамі, якія патрабавалася аднесці ў выканкам, праблем не аказалася. Намаляваць ад рукі схему, дзе будзе вісець талерка - таксама нескладана. Праблемай было знайсці кантору, якая зробіць праект.

- Я шчыра скажу, я такіх фірмаў не ведаю, - прызнаўся Аляксандр. - Адчыняй каталог праектных арганізацый, і абзвоньвай.

Але для двух дзесяткаў фірмаў, у якія я звярнуўся, я апынуўся занадта дробнай рыбёшкай. Адмовы ішлі адна за адной.

- Для нас гэта маленькі аб'ём, брацца не будзем, - паведамілі ў адной са шматлікіх фірмаў, якія займаюцца ўзгадненнем перапланіровак.

- Гэта новы напрамак, мы пакуль гэтым не займаемся, - адказалі ў праектным упраўленні ААТ «Мапід».

- Не зможам вам дапамагчы, займаемся больш глабальнымі рэчамі, - засмуцілі ў ПУП «Праект-Будмайстар».

- На жаль, у нас іншы профіль, - адказалі ў творчай майстэрні архітэктара Вінаградава.

«Шукайце праекціроўшчыка дома»

- Ні адна буйная арганізацыя вам такога не зробіць, ды і з фізічнымі асобамі мы не працуем, - адукавалі ў РУП «Інстытут Белдзяржпраект» і параілі звярнуцца да праекціроўшчыка дома. Маўляў, ён дапаможа.

- Але ў мяне дом 1958 года пабудовы, напэўна, праекціроўшчык ужо даўно не працуе.

- Нічога страшнага, вы звярніцеся ў ЖЭС, і там вам назавуць арганізацыю, адказную за інжынернае абслугоўванне дома.

Але і ў ЖЭСе мяне развярнулі:

- Мы займаемся толькі абслугоўваннем дамоў, мы не праектная арганізацыя.

Далейшы пошук падрадчыка стаў нагадваць пошук наркадылера. Прыйшлося падключаць знаёмых, якія, што называецца ў тэме. Праз нейкі час у мяне з'явіўся мабільны тэлефон нейкага Аляксея, які патлумачыў мне прычыну такіх складаных пошукаў.

- Я займаюся ўзгадненнем перапланіровак, кандыцыянераў і антэн ужо даўно, - распавёў ён. - Але ў кожным канкрэтным раёне Менска, у кожным канкрэтным выканкаме прыходзіцца дзейнічаць па-рознаму. Напрыклад, выканкам аднаго раёна без праблем узгадняе кандыцыянеры. А ўчора я ездзіў у іншы выканкам па антэнах, так яны прасілі пачакаць месяц-другі. Кажуць, маўляў, няма рашэння Менгарвыканкама, цяпер нават не зразумела, на якіх галоўных вуліцах і праспектах наогул забароненая ўсталёўка талерак і кандыцыянераў.

Архітэктары - людзі вельмі занятыя

Тым не менш, нягледзячы на ўсе бюракратычныя перашкоды, Аляксей абяцаў вырашыць пытанне за 400 даляраў. Паралельна я абзвоньваў іншыя выканкамы - няўжо ніхто не ведае, хто можа зрабіць праект і легальна ўсталяваць антэну? Склалася меркаванне, што ўсе супрацоўнікі аддзелаў архітэктуры, усе галоўныя архітэктары пры раённых адміністрацыях - людзі вельмі занятыя. Іх ніколі няма на месцы, яны ўвесь час знаходзяцца ў камандзіроўках, і адзіная магчымасць сустрэцца з імі - гэта запісацца на прыём у першы чацвер месяца. Але цуд усё-такі адбыўся. Пасля доўгай размовы з супрацоўніцай прыёмнай аднаго з раённых выканкамаў яна пагадзілася даць мне тэлефон адной канторы.

- Робяць праекты вельмі якасна, рэкамендую! - нібы па вялікім сакрэце сказала яна. Праектная фірма апынулася не менш сакрэтная - па меншай меры інтэрнэт-пошукавікі пра такую нічога не чулі.

- Так, зробім вам праект, кошт працы - 950 тысяч рублёў, - адказала жанчына. - Праект будзе гатовы на наступны дзень.

Што ж, будзем лічыць, што праект у нас у кішэні. Цяпер засталося дачакацца станоўчага рашэння з выканкама і заняцца пошукам арганізацыі, якая возьмецца афіцыйна ўсталяваць антэну згодна з праектам...

Як па новых правілах усталёўваць антэну

(Прасцей перастаць глядзець тэлевізар)

1. Намаляваць схему фрагмента фасада або даху, дзе будзе ўсталяваная антэна.

2. Узяць пашпарт, тэхпашпарт на кватэру і схему фасада, прыйсці ў выканкам і напісаць заяву.

3. У прызначаны дзень пусціць у кватэру прадстаўнікоў ЖЭСа, якія агледзяць фасад або дах і складуць акт тэхнічнага агляду, у якім пакажуць звесткі аб тэхнічным стане фасада або даху.

4. Дачакацца станоўчага рашэння выканкама. Адмовіць могуць, калі ў дакументах прадастаўленыя няслушныя дадзеныя, калі антэна будзе парушаць працу іншых інжынерных сістэм, павялічыць нагрузку на канструкцыі. Акрамя гэтага, забароненая ўсталёўка антэн на будынках, якія з'яўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, а таксама «на фасадах жылых дамоў, якія выходзяць на галоўныя вуліцы і плошчы».

5. Заключыць дамову з праектнай арганізацыяй на выкананне праектных работ. Усе ўзгадненні праекта з рознымі інстанцыямі распрацоўшчык павінен будзе ўзяць на сябе. Натуральна, працы па стварэнні і ўзгадненні праекта трэба аплаціць.

6. Калі вы не пашкадавалі грошай на пункт 5, самы час заключыць дамову з фірмай або прадпрымальнікам, якія маюць права на ажыццяўленне архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці, якая ўсталюе антэну. Дачакацца мантажу антэны.

7. Трэба нанесці яшчэ адзін візіт у выканкам і дамовіцца на дату і час наведвання кватэры спецыяльнай прыёмачнай камісіяй, у якую ўваходзяць прадстаўнікі распрацоўшчыка праекта, падрадчыка і ЖЭСа.

8. У прызначаны дзень прыняць дома членаў камісіі. Ім трэба паказаць усе дакументы: дазвол выканкама, праект і дамову на мантаж антэны. Калі прэтэнзій у камісіі няма, складаецца акт прыёмкі выкананых работ, які падпісваецца ўсімі членамі прыёмачнай камісіі.

9. Самы час браць пульт і класціся на канапу. Зрэшты, да канца расслабляцца не варта. Пастанова загадвае своечасова чыніць антэну, у тым ліку «забяспечваць належны знешні выгляд». Інакш яе могуць дэмантаваць.

А калі антэна ўжо ўсталяваная

На яе ўсё роўна трэба атрымаць дазвол. Для гэтага трэба замовіць абследаванне будаўнічых канструкцый і інжынерных сістэм на прадмет іх адпаведнасці нормам бяспекі. Яго могуць праводзіць фірмы або іпэшнікі, якія маюць на падобныя працы дазвол. Іх працу прыйдзецца аплаціць - па дадзеных «Комсомолки», абследаванне каштуе не танней «узгаднення з нуля». Пасля афармлення тэхнічнага заключэння выканкам выдае дазвол.

Калі выканкам адмовіў, антэну прыйдзецца зняць, а дах або фасад дома прывесці ў ранейшы стан за свой кошт. У Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях ёсць спецыяльны артыкул «Парушэнне архітэктурнага рашэння фасада будынка». Па ёй за самавольнае ўсталяванне на фасадах, балконах, лоджыях, дахах спадарожнікавых і іншых антэн можна атрымаць штраф ад 200 тысяч да 1,5 мільёна рублёў.

Пастанова Савета міністраў РБ № 384 «Аб некаторых пытаннях перабудовы і перапланіроўкі, усталёўкі на дахах і фасадах шматкватэрных жылых дамоў індывідуальных антэн і іншых канструкцый, а таксама рэканструкцыі жылых дамоў».

Апошнія навіны