Супрацоўнік КБ «Радар»: Іранцы збілі амерыканскі БПЛА дзякуючы беларусам
- 31.05.2013, 9:33
Амерыканскі беспілотнік, які быў захоплены іранцамі ў 2011 годзе, змаглі пасадзіць з дапамогай беларускіх тэхналогій.
Пра гэта нагадалі эксперты, якія пракаментавалі «Радыё Свабода» адмену санкцый ЗША супраць беларускіх прадпрыемстваў.
«Амерыканцы разумеюць, што няма сэнсу ўводзіць санкцыі супраць КБ «Радар» і не ўводзіць іх супраць «Белтэхэкспарту», бо за кожным з гэтых прадпрыемстваў стаіць беларускі рэжым. Амерыканцам Беларусь у гэтым сэнсе нецікавая. Ім цікавы Іран», - мяркуе даследчык універсітэта Гумбальдта ў Берліне Сяргей Богдан.
Паведамленне аб тым, што ЗША адмянілі санкцыі ў дачыненні да двух беларускіх прадпрыемстваў - «Белтэхэкспарт» і «БелОМА» - выклікала шырокую дыскусію і дала глебу для шматлікіх версій. Большасць з іх разглядае інфармацыю ў кантэксце беларуска-амерыканскіх адносін. Аднак мала хто звяртае ўвагу на канкрэтныя абставіны, з якімі звязанае зняцце санкцый.
Разам з двума беларускімі прадпрыемствамі ад іх пазбавіліся яшчэ паўтара дзесятка кампаній з Ірана, Сірыі, Кітая, Паўночнай Карэі і Венесуэлы. Фармальная падстава - тэрмін дзеяння санкцый скончыўся 23 траўня 2013 года.
Гэтыя санкцыі былі ўведзеныя паводле «Акту аб нераспаўсюджванні», які тычыцца Ірана, Сірыі і Паўночнай Карэі. У ім пералічваюцца кампаніі з розных краін. Акт у прыватнасці мае на мэце паўплываць на сітуацыю на Блізкім Усходзе.
Сяргей Богдан лічыць, што цяпер урад ЗША прадпрымае меры для таго, каб дасягнуць кампрамісу ў гэтым рэгіёне.
«Паведамленне аб адмене санкцый не варта разглядаць ў беларускім кантэксце. Гэта спробы намацаць дыпламатычныя каналы, па якіх можна знайсці мірныя шляхі ўрэгулявання напружанай сітуацыі з Іранам. Літаральна ўчора стала вядома аб тым, што здымаюцца абмежаванні на пастаўкі інфармацыйных тэхналогій. Такім чынам Ірану даюць сігнал: можна пачаць перамовы».
Сяргей Богдан адзначае, што санкцыі на «Белтэхэкспарт» і «БелОМА» накладаліся яшчэ тады, калі ніякіх доказаў тайнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Іранам у ваенна-тэхнічнай сферы не было.
«А зусім нядаўна Іран пахваліўся тым, што мае сродкі радыёэлектроннай барацьбы, атрыманыя ад беларускага боку, - адзначае Богдан. - Гэта адзіны зафіксаваны факт, а санкцыі здымаюцца»
Сапраўды, амерыканскі беспілотнік, які «прызямлілі» іранцы 4 снежня 2012 года, быў захоплены пры дапамозе беларускай тэхнікі. Гэта пацвердзіў прадстаўнік КБ «Радар» Сяргей Фірсакоў.
«Кіраванне беспілотнікам, які іранцы прызямлілі, было парушана праз радыёэлектроннае падаўленне навігацыйных спадарожнікавых сістэм. А «Радар» як раз піша на сваім сайце, што яны робяць абсталяванне для падаўлення сігналу GPS», - сказаў ён.
Іран паведаміў пра захоп амерыканскага беспілотніка 4 снежня 2012 года. ЗША спачатку адмаўлялі гэты факт, але пазней Іран прадэманстраваў свой трафей.
«Санкцыі, уведзеныя супраць прадпрыемстваў, у тым ліку і беларускіх, - гэта палітычныя меры прэвентыўнага характару, - тлумачыць Сяргей Богдан. - Яны маюць на мэце абмежаваць доступ Ірана да ўзбраенняў і ваенных тэхналогій. Пакрыўджаных такім стаўленнем з боку амерыканскага ўрада вельмі шмат. У тым ліку і з боку еўрапейскіх краін».
Рашэнне аб скасаванні санкцый супраць кампаніі «Белтэхэкспарт» было прынята 24 траўня, з «БелОМА» - пазаўчора. Яны былі ўведзеныя ў 2011 годзе за парушэнне «Акту аб нераспаўсюджванні» у дачыненні да Ірана, Паўночнай Карэі і Сірыі. Беларускія фірмы абвінавачвалі ў продажы краінам-ізгоям тэхналогій, звязаных з вытворчасцю ядзернай, хімічнай і біялагічнай зброі і балістычных ракетных сістэм.
«БелОМА» выпускае высокатэхналагічнае абсталяванне, якое выкарыстоўваецца, у прыватнасці, у сістэмах супрацьракетнай абароны, «Белтэхэкспарт» - камерцыйная структура, праз якую робіцца значная частка беларускага экспарту зброі.