Фотафакт: вагон, пацярпелы ад тэракту 11 красавіка
- 31.05.2013, 11:44
У сетцы з'явіліся фатаграфіі вагона, пацярпелага ад тэракту 11 красавіка 2011 года ў менскім метро.
У сацыяльнай сетцы «Вконтакте» з'явіліся фатаграфіі пацярпелага ў выніку тэракту ў Менскім метрапалітэне 11 красавіка 2011 года вагона. Фота зробленыя ў красавіку 2013 года. Пасля тэракту склад адкацілі ў электрадэпо «Маскоўскае», дзе да яго да канца расследавання мелі доступ толькі супрацоўнікі міліцыі. Што будзе з вагонам нумар 1494, невядома.
Нагадаем, 11 красавіка 2011 года прагрымеў выбух на станцыі метро «Кастрычніцкая» ў Менску.
15 чалавек загінулі, 387 - атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці. У здзяйсненні выбуху абвінавацілі ўраджэнцаў Віцебска Змітра Канавалава і Уладзіслава Кавалёва. Яны абодва былі затрыманыя ўжо праз суткі, увечары 12 красавіка. Акрамя выбуху ў метро, іх абвінавацілі ў тэрактах у Віцебску восенню 2005 года і ў Менску 4 ліпеня 2008-га.
Крымінальную справу аб выбуху ў метро разглядаў Вярхоўны суд. Канавалаў падчас працэсу сваю віну прызнаў цалкам. Кавалёў сваё дачыненне да ўсіх трох выбухаў адмаўляў, а таксама заявіў, што падчас дасудовага расследавання агаварыў сябе і Канавалава пад ціскам следства. 30 лістапада суд прысудзіў іх да вышэйшай меры пакарання - смяротнай кары.
Кавалёў падаў касацыйную скаргу на прысуд і прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі. Канавалаў, па афіцыйных дадзеных, прашэнне не падаваў.
Лукашэнка ў памілаванні адмовіў, матывуючы гэта «небяспекай і надзвычай цяжкімі наступствамі для грамадства здзейсненых актаў тэрарызму».
Камітэт ААН па правах чалавека, куды паступіла скарга ад родных Кавалёва, заклікаў улады Беларусі не караць смерцю асуджанага да тых часоў, пакуль скарга не будзе разгледжаная. Тым не менш 17 сакавіка 2012 года стала вядома, што абодва смяротныя прысуды прыведзеныя ў выкананне. Як вынікае з афіцыйнай даведкі аб смерці Кавалёва, гэта адбылося 15 сакавіка.
Шмат хто ў Беларусі, у тым ліку некаторыя пацярпелыя ад тэракту, сумняваюцца ў віне Канавалава і Кавалёва. Яны паказвалі на тое, што судовы працэс не адпавядаў прававым нормам, довады абароны ігнараваліся. Праваабаронцы, у сваю чаргу, адзначаюць беспрэцэдэнтна хуткае пакаранне абвінавачаных у тэракце, што, на іх думку, выглядае падазрона.