У інтэрнэце з'явілася ўнікальная панарама Менска
- 31.05.2013, 16:09
Беларусы стварылі ўнікальную кругавую панараму Менска разрознасцю 20 гігапікселяў.
На сайце minsk360.com зараз можна пабачыць Менск з вышыні птушынага палёту.
Панарама ўльтравысокай разрознасці, аналагі якой ёсць толькі ў некалькіх гарадах свету, створаная ў Менску. Знятая з адной з самых выгадных кропак горада - новабудоўлі «У Траецкага», яна дазваляе разгледзець літаральна кожны дом у цэнтры сталіцы.
«На падрыхтоўку сышло каля 1,5 месяцаў, сам працэс здымкі вёўся каля 20 гадзін», - распавядае onliner.by арганізатар праекта, дырэктар рэкламнага агенцтва ITrust Віталь Грынь. - «Для таго каб яе стварыць, давялося склеіць разам каля 20 тысяч асобных здымкаў.
Для здымкі выкарыстоўвалася камера Nikon D300, лінза Nikkor 70-200mm 2.8 G з фільтрам, які палярызоўвае, і матарызаваная галоўка GigaPan Epic Pro, створаная, дарэчы, распрацоўшчыкамі марсаходу curiosity».