Раман Якаўлеўскі: Адмена санкцый - вынік працы лабістаў Лукашэнкі
- 31.05.2013, 16:33
Рашэнне аб частковай адмене санкцый ЕЗ прынятае пад уплывам лабістаў беларускага рэжыму.
Пра гэта ў інтэрв'ю сайту charter97.org заявіў палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі. Такім чынам ён пракаментаваў рашэнне Рады ЕЗ аб выключэнні з еўрапейскага «чорнага спісу» кампаній «Аквадыў» і «Спорт-пары», а таксама - былога намесніка галоўнага рэдактара «Советской Белоруссии» Ганны Шадрынай.
«У першую чаргу, гэта вынік дзейнасці лабістаў. Прычым, як з боку некаторых чыноўнікаў еўрапейскіх структур, так і з боку шэрагу прадстаўнікоў беларускай грамадзянскай супольнасці. Наколькі вядома, кампанія «Спорт-пары» мае дачыненне да прэзідэнцкага спартыўнага клубу, што надае асаблівы сэнс рашэнню Рады ЕЗ аб адмене санкцый у дачыненні да гэтых двух фірмаў. Таксама нельга выключаць, што гэта можа быць наступствам скарачэння пераліку суб'ектаў, якія знаходзіліся пад санкцыямі ЗША. Бо некалькі дзён назад стала вядома пра адмену амерыканскіх абмежавальных мер супраць «Белтэхэкспарту», які раней належаў Уладзіміру Пефціеву, а таксама «БелОМА».
Рашэнне ЕЗ сведчыць аб памылковасці рафінаваных і часамі абстрактных меркаванняў шэрагу палітолагаў і аналітыкаў, якія казалі пра тое, што адмена санкцый з боку ЗША не адаб'ецца на пазіцыі ЕЗ», - заявіў Раман Якаўлеўскі.
Палітычны аглядальнік сумняваецца, што рашэнне аб зняцці санкцый акажа станоўчы ўплыў на рашэнне ўладаў аб вызваленні палітвязняў. Ён адзначыў, што цяпер паміж Менскам і Брусэлем ідзе гандаль, і пра яго вынікі ніхто нічога сказаць не можа.
«Ёсць меркаванне што скарачэнне санкцый будзе спрыяць вызваленню палітвязняў. Але ёсць і іншае - пра тое, што гэта пагоршыць іх становішча. Гандаль у гэтым пытанні недарэчны. Па крайняй меры, ёсць вялікія сумневы ў тым, што аднабаковыя рашэнні аб зняцці санкцый змогуць рэальна аказаць уплыў. Хто б што публічна не казаў, але мы ўсе бачым які гандаль разгарнуўся сёння паміж Менскам і Брусэлем. І яго вынікі проста непрадказальныя», - сказаў палітычны аглядальнік.
Нагадаем, сёння стала вядома пра адмену еўрапейскіх санкцый супраць двух беларускіх фірмаў - «Аквадыў» і «Спорт-пары» - і былога намесніка галоўнага рэдактара «Советской Белоруссии» Ганны Шадрынай. Пра гэта гаворыцца ў рашэнні Рады ЕЗ ад 29 траўня 2013 года.
Адным з уласнікаў СТАА «Малінаўшчызненскі спіртагарэлачны завод «Аквадыў» праз даччыныя структуры з'яўляецца «кашалёк» Лукашэнкі Уладзімір Пефціеў. Кампанія патрапіла пад дзеянне абмежавальных мер ЕЗ 23 сакавіка мінулага года.
Сузаснавальнікам ЗАТ «Спорт-пары» з'яўляецца спартыўны клуб Лукашэнкі, які ўзначальвае яго сын Зміцер. Санкцыі супраць яго былі ўведзеныя 20 чэрвеня 2011 года.