BE RU EN

Марына Лобава: Адмена санкцый - слабасць Еўразвяза

  • 31.05.2013, 17:42

Беларускія ўлады не ўспрымуць належным чынам крокаў Еўропы насустрач рэжыму Лукашэнкі.

Такое меркаванне выказала маці палітвязня Эдуарда Лобава Марына Лобава, каментуючы сайту charter97.org адмену санкцый ЕЗ супраць двух беларускіх фірмаў і былога намесніка галоўнага рэдактара «Советской Белоруссии».

«Я не палітык, і разважаць мне пра гэта цяжка, але я не бачу прычын для зняцця санкцый. Можа быць, гэта дабрыня Еўрапейскага звяза. Ён робіць крокі насустрач некіравальнаму рэжыму, спрабуючы хоць неяк прыцягнуць да дыялогу і нейкіх зменаў у Беларусі. Але я лічу, што беларускія ўлады ўспрымуць гэта як слабасць ЕЗ і не ацэняць па вартасці добрых намераў Еўропы для паляпшэння сітуацыі ў нашай краіне», - упэўненая маці палітычнага вязня.

Яна падкрэсліла, што рэжым Лукашэнкі ўспрымае толькі палітыку сілы.

«На мой погляд, рабіць больш жорсткімі санкцыі трэба было даўно: яшчэ ў тыя часы, калі з Беларусі быў выгнаны амбасадар Швецыі. Я перакананая, што Захад дамогся б большага. Лічу, што наша адзінства таксама ўплывае на сітуацыю, і хачу, каб уся беларуская апазіцыя прытрымлівалася адзінага пункту гледжання па гэтым пытанні», - падагульніла Марына Лобава.

Нагадаем, сёння стала вядома пра адмену еўрапейскіх санкцый супраць двух беларускіх фірмаў - «Аквадыў» і «Спорт-пары» - і былога намесніка галоўнага рэдактара «Советской Белоруссии» Ганны Шадрынай. Пра гэта гаворыцца ў рашэнні Рады ЕЗ ад 29 траўня 2013 года.

Адным з уласнікаў СТАА «Малінаўшчызненскі спіртагарэлачны завод «Аквадыў» праз даччыныя структуры з'яўляецца «кашалёк» Лукашэнкі Уладзімір Пефціеў. Кампанія патрапіла пад дзеянне абмежавальных мер ЕЗ 23 сакавіка мінулага года.

Сузаснавальнікам ЗАТ «Спорт-пары» з'яўляецца спартыўны клуб Лукашэнкі, які ўзначальвае яго сын Зміцер. Санкцыі супраць яго былі ўведзеныя 20 чэрвеня 2011 года.

Апошнія навіны