BE RU EN

Будаўніцтва катлавана пад АЭС незаконнае

  • 31.05.2013, 18:27

Палітыкі і эколагі заявілі аб парушэнні Беларуссю канвенцыі Эспо.

Прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў, ініцыятыўных груп і палітычных партый Беларусі выступілі з заявай, у якой выказалі глыбокую занепакоенасць парушэннямі Беларуссю міжнароднага заканадаўства пры будаўніцтве Астравецкай АЭС.

Пад заявай падпісаліся Алег Новікаў, старшыня Беларускай партыі «Зялёныя», Аляксей Янукевіч, старшыня партыі БНФ, Віталь Рымашэўскі, сустаршыня аргкамітэта для стварэння партыі, «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», Ірына Вештард, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), Віктар Івашкевіч , каардынатар ініцыятывы «Еўрапейская Беларусь», Вацлаў Арэшка, каардынатар таварыства «Беларускі рух», Ірына Сухій, старшыня Рады Грамадскага аб'яднання «Экадом», Мікалай Уласевіч, каардынатар грамадскай кампаніі «Астравецкая атамная - гэта злачынства!», Таццяна Новікава, адказны сакратар Грамадскай экалагічнай экспэртызы праекта беларускай АЭС.

«15 красавіка 2013 г. камітэт канвенцыі Эспоо «Аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў трансгранічным кантэксце» Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН апублікаваў свае афіцыйныя высновы, якія сведчаць аб тым, што Беларусь дапусціла сур'ёзныя парушэнні шэрагу палажэнняў канвенцыі пры будаўніцтве Астравецкай АЭС.

Двума гадамі раней, 29 чэрвеня 2011 года, Камітэт для выканання Орхускай канвенцыі адзначыў сур'ёзныя парушэнні базавых палажэнняў канвенцыі пры будаўніцтве Беларуссю атамнай электрастанцыі. Аднак праз амаль два гады становіцца вядома, што Беларусь не толькі не выконвае рэкамендацый Камітэта для выканання Орхускай канвенцыі, але і грэбуе сваімі абавязаннямі ў рамках канвенцыі Эспо пры будаўніцтве атамнай электрастанцыі пад Астраўцом. Можна сказаць, што ўлады Беларусі сістэматычна ігнаруюць патрабаванні міжнароднага права пры будаўніцтве сваёй АЭС», - гаворыцца ў заяве.

Беларускія ўлады сістэматычна парушаюць міжнароднае заканадаўства.

«На сустрэчы 12-14 сакавіка гэтага года Камітэт канвенцыі Эспоо прызнаў у дзеяннях беларускага боку парушэнні шэрагу базавых пунктаў канвенцыі. Разгляд справы аб беларускай АЭС Камітэт Эспо вёў з сярэдзіны 2009, спачатку паводле скаргі ўкраінскай арганізацыі «Экаклуб», а затым паводле скаргі Літвы. Камітэт засведчыў наступныя факты парушэнняў. Улады Беларусі не далі літоўскай грамадскасці магчымасці паўнавартасна ўдзельнічаць у працэдурах ацэнкі ўздзеяння АЭС на навакольнае асяроддзе (хоць бы нароўні з грамадскасцю Беларусі). Літоўскую грамадскасць не запрасілі на слуханні ў Астравец 9 кастрычнік 2009 г., а слуханні 2 сакавік 2010 года ў Вільні былі арганізаваныя без належнага перакладу, на іх абмяркоўваўся няпоўны і не канчатковы тэкст Ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА) і выказаныя на слуханнях заўвагі літоўскай грамадскасці ніяк не былі ўлічаныя. Беларуская старана не прадставіла літоўскай старане канчатковай справаздачы АУНА беларускай АЭС і не прымала каментары аб гэтай справаздачы ні ад літоўскага ўрада, ні ад грамадзян Літвы», - гаворыцца ў дакуменце.

Беларусь да гэтага часу не адказала на некаторыя істотныя пытанні літоўскага боку.

«На думку экспэртаў Камітэта канвенцыі Эспоо, беларускія ўлады не стварылі магчымасцяў для належнага абмеркавання, у тым ліку з грамадскасцю, канчатковага выбару пляцоўкі для АЭС.

Што немалаважна, не было належнага разгляду магчымага ўздзеяння на здароўе людзей, у прыватнасці, якія пражываюць менш чым у 50 кіламетрах у сталіцы суседняй дзяржавы. І галоўнае, належным чынам не абмяркоўвалася перспектыва адмовы ад будаўніцтва АЭС. Указам Лукашэнкі ад 15 верасня 2011 года быў канчаткова зацверджаны выбар Астравецкай пляцоўкі пад будаўніцтва АЭС. Пры гэтым пастанова не была прадстаўленая Літве, відавочна не ўтрымлівала ніякага абгрунтавання і не ўлічвала належным чынам заўвагі Літвы», - пішуць прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў, ініцыятыўных груп і палітычных партый.

Пачатак будаўніцтва катлавана пад рэактарныя будынкі энергаблокаў - незаконны.

«Што немалаважна, прадстаўнікі ўрада Беларусі афіцыйна дэкларуюць на міжнародным узроўні, што нібыта дазвол на будаўніцтва АЭС на Астравецкай пляцоўцы ўсё яшчэ не выдадзены (менавіта так разумеюць сітуацыю ў Камітэце канвенцыі Эспоо). Як у такім выпадку ўспрымаць работы ў будаўніцтве і бетанаванні катлавана пад рэактарны будынак першага і цяпер ужо другога энергаблокаў - як незаконнае будаўніцтва? Экспэрты Камітэта канвенцыі Эспоо таксама выдалі шэраг рэкамендацый Беларусі і Літве. Рэкамендацыі павінны быць зацверджаныя ў наступным годзе Нарадай старон Канвенцыі. Калі іх коратка падсумаваць, Беларусь павінна пачаць працэдуру ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў трансгранічным кантэксце фактычна зноўку і перагледзець, як мінімум, пастанову пра канчатковы выбар Астравецкай пляцоўкі з улікам патрабаванняў Літвы.

Такім чынам, на афіцыйным узроўні зняпраўджаныя шматлікія заявы беларускіх чыноўнікаў аб тым, што Беларусь быццам бы выконвае свае міжнародныя абавязацельствы пры рэалізацыі праекту сваёй АЭС», - гаворыцца ў заяве.

«У сувязі з гэтым мы мяркуем, што ўлады Беларусі павінны:

1. Спыніць дэзінфармацыю з нагоды выканання міжнароднага заканадаўства пры будаўніцтве АЭС.

2. Неадкладна спыніць праектаванне і будаўніцтва АЭС.

3. Зноўку правесці ўсе працэдуры, якіх патрабуюць Орхуская канвенцыя і канвенцыя Эспоо, і перагледзець у адпаведнасці з гэтымі працэдурамі ўсе пастановы, звязаныя з будаўніцтвам АЭС. Мы ўпэўненыя, што пры належным выкананні гэтых працэдур ад будаўніцтва АЭС прыйдзецца канчаткова адмовіцца, бо гэты аб'ект - экалагічна небяспечны, эканамічна затратны і не вытрымлівае ніякай крытыкі ў рамках ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе.

Мы таксама інфармуем міжнародную супольнасць аб тым, што канчатковая пастанова аб будаўніцтве беларускай АЭС ужо прынятая беларускім урадам, а само будаўніцтва актыўна вядзецца. Мы выказваем шкадаванне з нагоды дэзінфармацыі камітэта канвенцыі Эспоо афіцыйнымі прадстаўнікамі Беларусі», - падсумоўваюць прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў.

Апошнія навіны