BE RU EN

«Прасела» АЭП і Садружнасць

  • 31.05.2013, 18:58

«Узаемнае тавараабарачэнне краін АЭП знізілася на 15%, аналагічна прасела Садружнасць», - заявіў прэм'ер Міхаіл Мясніковіч.

«Мы шмат гаворым пра поспехі АЭП, але пазітыву магло б быць і больш», - заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч, выступаючы 31 траўня на форуме дзелавых людзей Адзінай эканамічнай прасторы ў спарткомплексе «Мінск-Арэна», паведамляе БелаПАН.

Мясніковіч адзначыў, што паводле звестак за першы квартал 2013 узаемнае тавараабарачэнне краін АЭП знізілася на 15%, аналагічна «прасела» Садружнасць. «Гэта вельмі дрэнныя звесткі», - сказаў прэм'ер.

Чальцам Адзінай эканамічнай прасторы, паводле слоў Мясніковіча, трэба «не разгойдвацца, а рабіць хуткія і рашучыя крокі, каб ствараць крыніцы і фактары росту».

«Вельмі вялікі разлік - на Еўразійскую эканамічную камісію, на той інтэлектуальны патэнцыял, які сканцэнтраваны ў гэтай арганізацыі, таму што складана выпрацоўваць пастановы, каб звесці інтарэсы нават у асобных відах дзейнасці», - адзначыў беларускі прэм'ер. На ягоную думку, пастановы, якія будуць прапанаваныя ЕЭК, могуць стаць платформай для збліжэння пазіцый краін-чальцоў.

«Трэба ісці зверху. Трэба гаварыць аб тым, якім бачыцца агульны рынак. Але для таго каб яго стварыць, трэба лібералізаваць наш унутраны гандаль, чаго пакуль няма», - заявіў Мясніковіч.

Ён паказаў на створаныя супярэчнасць: з аднаго боку, агульны рынак трох дзяржаў, з другога - уступленне некаторых з іх у Сусветную гандлёвую арганізацыю, што адкрыла іх рынкі. «Палітычна гэта (адкрыццё рынкаў) правільна. Канкурэнцыя, у тым ліку замежная, - гэта здаровая з'ява. Але ці не страцім мы ўнутраныя рынкі для айчынных вытворцаў?» - задаў пытанне прэм'ер-міністр Беларусі.

Мудрасць урадаў, мяркуе ён, павінна быць у сумяшчэнні інтарэсаў сусветнай канкурэнцыі і нацыянальных вытворцаў.

«Паводле ацэнак ЕЭК, дзве траціны тавараў і адна трэць паслуг перасоўваюцца ў «тройцы» (Беларусь, Казахстан, Расея. - БелаПАН.) свабодна. Значыць, агульнага рынку ў поўным сэнсе слова няма. Ёсць досыць глыбокія супярэчнасці ўнутры. Праблема не ў бюракратыі, а ў неканкурэнтаздольнасці нашых тавараў і паслуг. Таму калі мы гаворым пра неабходнасць тарыфна-мытнага рэгулявання, мы павінны сур'ёзна паглядзець, якія тавары і паслугі мы вырабляем і наколькі яны канкурэнтныя», - заявіў Мясніковіч.

«Можна шмат чаго выціснуць на той базе, што ёсць. Але без лібералізацыі рынку транспартных паслуг казаць аб далейшых кроках не даводзіцца», - падкрэсліў кіраўнік беларускага ўрада.

Апошнія навіны