BE RU EN

На «Ночы пажыральнікаў рэкламы» пакажуць 400 ролікаў

  • 31.05.2013, 21:22

Блізу 400 рэкламных ролікаў з 25 краін будзе паказана 1 чэрвеня падчас шоў «Ноч пажыральнікаў рэкламы» ў Менску.

Пра гэта паведаміў на прэс-канферэнцыі 31 траўня ў беларускай сталіцы дырэктар працы з кліентамі рэкламнага агенцтва «Твін Медыя» (Санкт-Пецярбург), які прадстаўляе гэты праект у Расеі, краінах СНД і Балтыі, Сяргей Габрусевіч, паведамляе БелаПАН.

Шоў пачнецца а 22.00 у Вялікай зале Палаца Рэспублікі і будзе доўжыцца да пяці раніцы нядзелі. Са слоў Габрусевіча, упершыню ролікі будуць дэманстравацца не з субтытрамі, а дубляжом на расейскую мову, які выканалі прафесійныя перакладчыкі і артысты.

Як распавёў Габрусевіч, «Ноч пажыральнікаў рэкламы» штогод праходзіць у некалькіх дзесятках краін, а ў гэтым годзе ўпершыню і ў ЗША. Шоў гэтай вясной споўнілася 20 гадоў. «Вось ужо 20 гадоў ва ўсім свеце паказваюць калекцыю рэкламных ролікаў, якая належыць Жану Мары Бурсіко. На сёння ў ягонай калекцыі блізу аднаго мільёна ролікаў. Крытэрыем дабору для калекцыі з'яўляецца прафесіяналізм выканання, а таксама густ самога калекцыянера. Зазвычай, дабраныя ім ролікі падабаюцца большасці», - распавёў дырэктар у працы з кліентамі.

У Менску будуць паказаныя рэкламныя ролікі, выкананыя ў 2012-2013 гадах, а таксама ролікі больш ранніх гадоў, якія сталі ўжо рарытэтам.

Са словах Габрусевіча, мэтавай аўдыторыяй шоў з'яўляецца моладзь 24-35 гадоў, сярод якой як спецыялісты рэкламнага бізнэсу, так і людзі, далёкія ад рэкламы, але якія шануюць яе як мастацтва.

Шоў прадугледжвае не толькі паказ ролікаў. Для гледачоў у Менску будуць выступаць джазавыя артысты, танцоры сучасных накірункаў харэаграфіі, удзельнікі школы каратэ. Будуць арганізаваныя актыўныя зоны ад партнёраў паказу - кампаній Velcom, «Мосігра», гандлёвай маркі Burn.

Як чакаюць арганізатары, гледачамі менскага шоў стануць прыкладна 2,4 тыс. чалавек.

У планах арганізатараў - паказ шоў у абласных гарадах Беларусі, а таксама яны плануюць у наступным годзе запрасіць у Менск заснавальніка калекцыі Жана Мары Бурсіко.

Апошнія навіны