BE RU EN

Страйк авіядыспетчараў ў Францыі: скасаваныя сотні рэйсаў

  • 12.06.2013, 9:55

Акцыя пратэсту французскіх авіядыспетчараў пагражае перакінуцца на іншыя краіны.

Дзеля страйку скасаваная больш як палова авіярэйсаў. Вылеты і прылёты самалётаў затрымліваюцца. Сённяшні рэйс кампаніі «Белавія» ў Парыж не адбудзецца. Таксама скасаваны самалёт з французскай сталіцы, які павінен быў прыляцець сёння а 14.55. Пакуль невядомы лёс заўтрашняга рэйса Менск-Парыж.

Сённяшні рэйс з Варшавы ў французскую сталіцу затрыманы на паўтары гадзіны.

Агулам у першы дзень страйку былі скасаваныя амаль 2000 рэйсаў.

Авіядыспетчары сцвярджаюць, што праект «Адзінае еўрапейскае неба» (SES) прычыніцца да пагаршэння варункаў працы і да паніжэння ўзроўню бяспекі палётаў.

Еўракамісія прапануе цэнтралізаваць авіядыспетчарскія службы замест таго, каб падтрымліваць іх на нацыянальным узроўні. Камісія сцвярджае, што гэта патроіць прапускную здольнасць еўрапейскай паветранай прасторы і пры гэтым скароціць выдаткі і затрымкі, перадае BBC.

У адпаведнасці з новым планам нацыянальныя сістэмы кіравання палётамі будуць аб'яднаны ў дзевяць функцыянальных блокаў паветранай прасторы, а планаванне авіярэйсаў будзе ажыццяўляцца новай еўрапейскай кампаніяй для кіраванні гэтай сістэмай.

Галоўны прафзвяз авіядыспетчараў Францыі USAC-CGT заявіў, што гэтыя планы з'яўляюцца выяўным выклікам суверэннаму статусу гэтага сэктара і крокам у накірунку прыватызацыі, перадае RFI.

У першы дзень страйку, які будзе доўжыцца да 13 чэрвеня, Францыя і Нямеччына запатрабавалі ад ЕЗ прыпыніць рэформу «адзінае неба». Французскі міністр транспарту Фрэдэрык Кювілье растлумачыў, што Парыж і Бэрлін не задавальняе жаданне Еўракамісіі цалкам адасобіць дыспетчарскія цэнтры ад нацыянальных рэгулятараў у сфэры цывільнай авіяцыі.

Апошнія навіны