BE RU EN

Журналіст БТ падае ў суд на аўтараў кнігі «Краіна Беларусь»

  • 12.06.2013, 17:25

Багата ілюстраваную кнігу «Краіна Беларусь» надоечы перавыдалі Уладзімер Арлоў і Зміцер Герасімовіч, цяпер яна - на беларускай, рускай і ангельскай мовах.

Аўтары іншага выдавецкага праекта «Спадчына Беларусі» журналіст БТ Алег Лукашэвіч і Аляксандр Аляксееў заўважылі там свае здымкі і наважылі падаць у суд, паведамляе «Еўрарадыё».

Пра гэта Лукашэвіч напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку:

«Мы з цікавасці наважылі пазнаёміцца з новым выданнем тандэму Арлоў-Герасімовіч. Аднак асалода ад кнігі прайшла, калі адзін за адным мы пачалі пазнаваць свае фотаздымкі помнікаў архітэктуры і прадметаў дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва. Іх было не адзін, не два, нават не пяць, а дваццаць два. Цікава, што пад некаторымі Нашымі фотаздымкамі размяшчаліся подпісы: фота Змітра Герасімовіча або проста «сучаснае фота». Мы не маглі паверыць сваім вачам ў такое нахабства. Ні спадар Уладзімір Арлоў, ні спадар Зміцер Герасімовіч не звярталіся да нас з просьбай аб здымках. Іх проста скралі з нашага альбома і выдалі за сваю вялікую працу. Ці ведаюць спадары, што кожны здымак наогул мае свайго аўтара? Што гэта аўтарскі твор? Такім чынам, скрадзеныя здымкі надрукаваныя ў 5000 асобніках. Калі б такая сітуацыя склалася, напрыклад, у Францыі, увесь тыраж быў бы арыштаваны.

Гэта не першы выпадак, калі нашыя здымкі нахабна крадуць. Мы ўжо выйгралі некалькі такіх спраў у судзе. І далей будзем абараняць тое, што належыць нам.

Цяпер наш юрыст рыхтуе заяву ў Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь».

Адзін з аўтараў альбома «Краіна Беларусь» Зміцер Герасімовіч кажа, што фатаграфіі не краў, а браў у выдавецтве «Беларусь», якое магло перадаць іх без подпісаў:

«Гэта нечаканыя звесткі. Мы часта абменьваемся ілюстрацыямі з рознымі архівамі. Але ж можна было мне патэлефанаваць, каб у наступным выданні мы паказалі прозвішчы».

Такая сітуацыя ўжо здаралася з фотаздымкамі Георгія Ліхтаровіча, кажа Герасімовіч. Але там усё развязалася пасля тэлефоннай размовы.

Адзначым, што альбом друкавала вугорска-славацкае выдавецтва. Пісьменнік Уладзімер Арлоў рыхтаваў для яго тэксты, афармленнем займаўся Дзмітрый Герасімовіч.

Апошнія навіны