BE RU EN

Архітэктар Крамарэнка: Чыноўнікі хацелі пабудаваць Нацбібліятэку ў форме келіха

  • 12.06.2013, 18:08

Нацыянальнай бібліятэкі ў форме алмаза ў Беларусі магло і не быць.

Пра тое, як ствараўся праект новага будынка Нацыянальнай бібліятэкі, у інтэрв'ю «Народнай газеце» распавёў архітэктар гэтага будынка Віктар Крамарэнка.

«Калі мы з Міхаілам Вінаградавым яшчэ пры Савецкім Саюзе спраектавалі да конкурсу будынак Нацыянальнай бібліятэкі, мы не ставілі сабе задачу абавязкова перамагчы, - успамінае Віктар Крамарэнка. - Тады ў адзіным творчым парыве мы наважылі трохі «павесяліцца», зрабіць форму, здольную ўразіць. Доўгі час ніхто не верыў, што гэты найскладанейшы аб'ект будзе калі-небудзь пабудаваны. Аднак пасля прэзідэнт ухваліў праект, і праца завіравала».

Віктар Крамарэнка распавёў выпадак з серыі архітэктурных неспадзяванак:

«На адным з штабоў чыноўнік высокага рангу нечакана зрабіў «рацпрапанову»: трэба змяніць форму, адмовіцца ад верхніх бакавых граняў і зрабіць звычайны прамы дах. Я крыху падумаў і сказаў прысутным: «Паглядзіце, то ж замест алмаза атрымаецца келіх, які ніяк не можа быць сімвалам дзяржавы».

У сталіцы архітэктар любіць прайсціся праспектам Незалежнасці.

«Мне асабліва падабаюцца архітэктурныя творы Іосіфа Лангбарда, - прызнаецца мэтр. - Дом ураду, напрыклад, Акадэмія навук. Мяркую, што гэта дзівосныя шэдэўры архітэктуры, бо яны цалкам нестандартныя».

Толькі вось апошнім часам яго турбуе аб'ект - гатэль «Кемпінскі», які размясціўся каля цырка і рэзка дысануе з асяроддзем, створаным раней геніяльнымі архітэктарамі.

Нагадаем, беларуская Нацыянальная бібліятэка ўваходзіць у дзесятку самых вычварных будынкаў свету.

Апошнія навіны