BE RU EN

Нарышкін прыехаў на разведку?

  • 12.06.2013, 19:11

Спікер Дзярждумы прыехаў у Менск «праверыць пульс» беларускага правадыра.

Такое меркаванне выказаў палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі, каментуючы сайту charter97.org візіт у Менск старшыні Дзяржаўнай Думы РФ Сяргея Нарышкіна.

«Гэта планавы візіт для супольнага паседжання «парламента» «саюзнай дзяржавы». Але ў апошні час кожны візіт прадстаўніка расейскага кіраўніцтва, а Нарышкін з'яўляецца менавіта такім, выклікае дадатковую ўвагу, няхай гэта будзе міністр абароны або спікер парламента», - перакананы палітычны аглядальнік.

Ён адзначыў, што старшыня Дзярждумы мае таксама і дыпламатычны досвед.

«У яго кар'еры была так званая дыпламатычная праца ў Брусэлі, а напраўду ён працаваў у рэзідэнтуры савецкай выведкі. Гэта значыць ён з'яўляецца калегам Пуціна па КДБ. Таму я не выключаю, што следам за Шайгу Нарышкін сюды прыехаў прамацаць пульс афіцыйнага Менска, які ў апошні час б'ецца трохі часцей, чым раней. Прычыны гэтага – новыя складанасці ў двухбаковых стасунках. Як правіла, іх спрабуюць падаць як спрэчкі гаспадарчых суб'ектаў, а напраўду паміж кіраўнікамі дзвюх краін. Але ў адрозненне ад міністра абароны Расеі, спікер Дзярждумы з'яўляецца прафесійным выведнікам. Так што яго асабістыя ўражанні ад сустрэчы будуць вельмі каштоўнымі для Крамля і для Пуціна асабіста», - мяркуе Раман Якаўлеўскі.

Ён таксама дадаў, што Нарышкін магчыма перадасць беларускаму правадыру нейкае пасланне ад прэзідэнта Расеі, але гэтаму не варта надаваць вялікага значэння.

«Варта нагадаць, Лукашэнка з'яўляецца нязменным старшынём «вышэйшага дзяржаўнага савета саюзнай дзяржавы», а Нарышкін ўзначальвае «парламенцкі сход» гэтай віртуальнай дзяржавы. Так што лагічна, што кіраўнік віртуальнай дзяржавы сустракаецца з кіраўніком «парламента» гэтай віртуальнай дзяржавы», - падсумаваў палітычны аглядальнік.

Нагадаем, 12 чэрвеня старшыня Дзяржаўнай Думы Расеі Сяргей Нарышкін прыбыў у Беларусь з рабочым візітам.

Чакаецца, што ён прабудзе ў Беларусі два дні і сустрэнецца з Лукашэнкам.

Апошнія навіны