Таццяна Равяка: Падаўжэнне мандата - не толькі праваабарончы, але і палітычны знак
- 13.06.2013, 15:30
Міжнародная супольнасць заяўляе пра сваю занепакоенасць сітуацыяй у Беларусі.
Такое меркаванне выказала сябра рады праваабарончага цэнтра «Вясна» Таццяна Рэвяка каментуючы сайту charter97.org падаўжэнне на год мандата Міклаша Харашці Радай ААН па правах чалавека.
«Мы вельмі рады таму, што Рада па правах чалавека ААН падоўжыла мандат спецдакладчыка па Беларусі. Праваабаронцы нязменна выказвалі ў гэтым зацікаўленасць і актыўна лабіравалі такое рашэнне на працягу апошняга часу. Для нас вельмі важна, што ў дадзеным дакладзе дадзеная абсалютна аб'ектыўная ацэнка сітуацыі з правамі чалавека. Ён добры тым, што вельмі збалансаваны, і ў ім адсутнічае палітычная кан'юнктура, якую можна было назіраць, напрыклад, у дакладзе спадара Юстаса Палецкіса», - адзначыла праваабаронца.
Яна падкрэсліла, што гэта даклад зроблены спецыялістам у галіне правоў чалавека і змяшчае аналіз заканадаўства, практыкі яго прымянення і, вядома, заснаваны на рэальных справах, якія адлюстроўваюць значныя абмежаванні тых ці іншых правоў у нашай краіне.
«Тое, што на працягу бліжэйшага года сітуацыя з правамі чалавека будзе ў цэнтры ўвагі міжнароднай супольнасці, мы лічым вельмі важным. Звяртаю ўвагу на той факт, што 26 краін прагаласавалі «за» і толькі тры былі супраць пры 18 тых, хто ўстрымаўся. Гэта дае нам упэўненасць, што на працягу дзеяння мандата спецдакладчыка зацікаўленыя бакі будуць атрымліваць аб'ектыўную інфармацыю пра сітуацыю ў Беларусі, што ў сваю чаргу будзе ўплываць на прыняцце рашэнняў адносна развіцця стасункаў з нашай краінай з улікам узроўню захавання правоў чалавека. Рэзалюцыя прымаецца Радай, якая складаецца з прадстаўнікоў нацыянальных дэлегацый, гэта значыць з'яўляецца ў нейкай меры палітычным рашэннем. І гэты дакумент можна расцэньваць як не толькі праваабарончы, але і палітычны сігнал занепакоенасці ад міжнароднай супольнасці сітуацыяй з выкананнем правоў чалавека ў Беларусі», - перакананая Таццяна Рэвяка.
Нагадаем, 4 чэрвеня Рада па правах чалавека ААН абмеркавала даклад па Беларусі, які быў падрыхтаваны спецдакладчыкам Рады ААН Міклашам Харашці і апісваў сітуацыю з правамі чалавека ў нашай краіне на працягу апошняга года.
У сваім дакладзе спецдакладчык Рады ААН адзначыў, што сітуацыя з палітвязнямі выклікае вялікую занепакоенасць.
«Умовы іх утрымання ў турмах разам з інфармацыяй аб псіхалагічным і фізічным ціску могуць быць расцэненыя як неналежнае ўтрыманне, а часам і катаванні», - заявіў ён.
Таксама ён нагадаў, што не меў магчымасці патрапіць у Беларусь з-за таго, што ўлады нашай краіны адмовіліся выдаваць яму ўязную візу.
Фота Міраслава Адамчыка