МЗС не прызнаў мандат спецдакладчыка ААН
- 13.06.2013, 16:05
Беларускія ўлады па-ранейшаму адмаўляюцца супрацоўнічаць з Міклашам Харашці.
«Пазіцыя Беларусі застаецца ранейшай: мы не прызнаем мандат спецдакладчыка і не будзем узаемадзейнічаць з ім», - заявіў агенцтву «Інтэрфакс-Захад» начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных.
Так ён пракаментаваў прыняцце Радай па правах чалавека ААН рэзалюцыі, якая прадугледжвае падаўжэнне на год мандата спецыяльнага дакладчыка па Беларусі.
Нагадаем, сёння Рада ААН па правах чалавека падоўжыла на год мандат спецдакладчыка ААН па Беларусі Міклаша Харашці. Харашці за год не меў магчымасці патрапіць у Беларусь з-за таго, што ўлады нашай краіны адмовіліся выдаваць яму ўязную візу. 4 чэрвеня спецдакладчык ААН па Беларусі выступіў у Радзе па правах чалавека ААН з дакладам, які крытыкуе беларускія ўлады.