Былы кіраўнік КДБ Зайцаў стаў гендырэктарам «КосмасТВ»
- 14.06.2013, 10:42
Новым гендырэктарам «КосмасТВ» стаў неўязны ў ЕЗ былы кіраўнік КДБ Вадзім Зайцаў.
«КосмасТВ» паведаміла пра прызначэнне новага генеральнага дырэктара і пачатак работы новых органаў кіравання ў кампаніі Назіральнага Савета і Дырэкцыі.
Іх стварэнне прадугледжанае новай рэдакцыяй статута СТАА «КосмасТВ», зацверджанай 10 чэрвеня 2013 года. Праца Назіральнага Савета і Дырэкцыі закліканая «значна палепшыць стан карпаратыўнага кіравання кампаніі і забяспечыць належны кантроль акцыянераў за бізнес-працэсамі кампаніі», паведамляе афіцыйны сайт кампаніі.
На пасаду Генеральнага дырэктара кампаніі па прапанове беларускага ўдзельніка прызначаны былы старшыня КДБ Вадзім Юр'евіч Зайцаў.
12 чэрвеня 2013 года ў склад Назіральнага Савета былі абраныя прадстаўнікі ГК «АКАДА» і беларускага ўдзельніка кампаніі, а менавіта: дырэктар па развіцці ГК «АКАДА» Віталь Клішын, дырэктар па прававых пытаннях ГК «АКАДА» Канстанцін Какурын, намеснік Міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Зміцер Шадко і начальнік упраўлення электронных СМІ Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Ядранцаў.
У склад Дырэкцыі СТАА «КОСМАС ТВ» увайшлі Генеральны дырэктар і кіраўнікі напрамкаў, якія знаходзяцца ў яго падпарадкаванні.
Нагадаем, генерал-лейтэнант Зайцаў адрозніваўся асаблівай актыўнасцю ў рэпрэсіях супраць апазіцыі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Усіх арыштаваных апазіцыянераў трымалі ў ізалятарах КДБ, а кандыдат у прэзідэнты ад грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў паведаміў, што яго дапытваў асабіста Вадзім Зайцаў, які падчас допыту пагражаў яму, яго жонцы, журналістцы Ірыне Халіп, і іх маленькаму сыну Даніку.