BE RU EN

Міклаш Харашці: Гатовы супрацоўнічаць з усімі бакамі

  • 14.06.2013, 15:03

Спецдакладчык ААН па сітуацыі ў Беларусі Міклаш Харашці заклікае беларускія ўлады да супрацоўніцтва для паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека ў краіне.

Пра гэта гаворыцца ў яго заяве, распаўсюджанай 14 чэрвеня прэс-службай РПЧ, піша БелаПАН.

Нагадаем, 13 чэрвеня на пасяджэнні ў Жэневе РПЧ на год падоўжыла дзеянне мандата спецыяльнага дакладчыка па сітуацыі ў Беларусі. Венгр Міклаш Харашці быў прызначаны спецыяльным дакладчыкам у верасні 2012 года. «Правы чалавека сістэматычна парушаюцца ў Беларусі рознымі спосабамі - праз дэкрэты, палітыку і практыку, - сказаў Харашці. - Захаванне правоў чалавека застаецца заблакаваным сістэмай дзяржкіравання, якая пазбаўленая механізму стрымак і проціваг».

Харашці нагадаў, што на працягу першага тэрміну свайго мандата так і не атрымаў магчымасці наведаць Беларусь і сустрэцца з афіцыйнымі асобамі, а таксама не атрымаў адказу на ўсе свае запыты.

Па словах Харашці, інфармацыю і факты для справаздачы ён збіраў шляхам сустрэч за межамі Беларусі з рознымі прадстаўнікамі беларускага грамадства - палітыкамі, праваабаронцамі, грамадскімі дзеячамі, журналістамі. Спецдакладчык адзначыў, што ў дакуменце названыя асноўныя праблемы, якія выклікаюць сур'ёзныя турботы. У прыватнасці, гэта гвалтоўныя знікненні, адвольныя затрыманні і арышты, ціск на палітычных апанентаў і праваабаронцаў, якія знаходзяцца ў турме, прымяненне катаванняў і негуманнага абыходжання са зняволенымі, прымяненне смяротнага пакарання.

Важнай праблемай, якая павінна быць вырашана неадкладна, з'яўляецца безумоўнае вызваленне палітвязняў. Сярод мер, якія неабходна прыняць для паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, Харашці называе гарантыю незалежнасці суддзяў і адвакатаў, спыненне адвольных затрыманняў, увядзенне паведамляльнага прынцыпу рэгістрацыі грамадскіх аб'яднанняў і СМІ, выключэнне з ліку крымінальных злачынстваў дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі (артыкул 193.1 Крымінальнага кодэкса), стварэнне незалежнага нацыянальнага праваабарончага інстытута. «Сапраўдная стабільнасць і эканамічны дабрабыт краіны грунтуюцца на поўнай павазе правоў чалавека, - сказаў Харашці. - У сваім жыцці я шмат разоў бачыў, што калі да гэтага ёсць палітычная воля, то прагрэс можа быць узаемна карысны для ўрада і для грамадства».

Спецдакладчык падкрэсліў, што гатовы супрацоўнічаць з усімі бакамі для паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Адзначым, што афіцыйны Менск лічыць мандат спецдакладчыка ААН палітычным, не прызнае яго і не бачыць перспектывы для супрацоўніцтва з ім.

Апошнія навіны