BE RU EN

Косінец папрасіў віцебцаў папрацаваць бясплатна

  • 16.06.2013, 11:05

22 чэрвеня ў Віцебску зноў пройдзе добраахвотна-прымусовы суботнік.

Пра гэта гаворыцца ў пастанове гарадскога выканаўчага камітэта №737.

Дакумент прыняты гарвыканкамам «для падтрымкі ініцыятывы шэрагу працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый горада, для навядзення парадку і добраўпарадкавання Віцебска, а таксама падрыхтоўкі да правядзення Дня горада і Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску».

Працоўныя калектывы паўночнай сталіцы павінны добраахвотна правесці гарадскі суботнік на працоўных месцах або арганізаваць працу для добраўпарадкавання, азелянення і прывядзення ў належны парадак замацаваных тэрыторый. Зрэшты, паводле пастановы працоўных калектываў прадпрыемствам дазваляецца адпрацаваць суботнік ужо 15 чэрвеня, пішуць «Народныя навіны Віцебска».

Усе сродкі, заробленыя такім чынам, павінны быць пералічаныя Віцебскай гарадской жыллёва-камунальнай гаспадарцы. А ўжо яна павінна іх выдаткаваць на карысць нашага горада: на добраўпарадкаванне, азеляненне і развіццё Віцебска, стварэнне твораў манументальнага, манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, архітэктурных формаў, што ўвекавечваюць памяць важных гістарычных падзей.

Ідэалагічны аддзел Віцебскага гарвыканкама павінен забяспечыць інфармацыяй аб падрыхтоўцы і правядзенні суботніка СМІ і размясціць яе на сайце гарвыканкама.

Добраахвотна-прымусовыя суботнікі праходзяць і ў некаторых раённых цэнтрах. У прыватнасці, як паведамляе партал westki.info, жыхароў Мёрскага раёна ўчора прымусілі працаваць бясплатна для збору сродкаў на рамонт раённай лякарні.

Нягледзячы на тое, што афіцыйна ўдзел у такіх мерапрыемствах з'яўляецца добраахвотным, адмова ад яго пагражае непрыемнасцямі ад начальства.

Фота: belta.by

Апошнія навіны