З Джэрэмі Айрансам - пра Беларусь
- 19.06.2013, 8:01
Беларусь упершыню была прадстаўленая на Сусветным акцёрскім форуме.
Ён адбыўся ў сталіцы Ірландыі Дубліне. Нашу краіну прадстаўлялі кіраўнікі Беларускага Свабоднага тэатра Наталля Каляда і Мікалай Халезін.
Першы ў гісторыі Сусветны акцёрскі форум завяршыў сваю працу 16 чэрвеня. Ён сабраў удзельнікаў з пяці кантынентаў, сярод якіх апынуліся зоркі сусветнай тэатральнай сцэны і кінематографа: Джэрэмі Айранс, Майкл Колган, Чарлі Дэнс, Кірстэн Шэрыдан, Майкл Гамбон, Шынед К’юсак, Нік Данінг. Адкрываў форум Міністр культуры Ірландыі Джымі Дыніхан.
Спецыяльнымі гасцямі на ім сталі Наталля Каляда і Мікалай Халезін, чыё выступленне стала адным з завяршальных на Форуме. Тэмай іх выступлення «Акцёрская дзейнасць ва ўмовах татальнай несвабоды» прыкавала да сябе ўвагу аўдыторыі больш чым на гадзіну. Удзельнікі форуму авацыямі стоячы праводзілі беларускіх тэатральных дзеячаў са сцэны.
Дырэктар Свабоднага тэатра Наталля Каляда пракаментавала charter97.org выступленне на Форуме беларускіх удзельнікаў.
«Хацелася б адзначыць, што гэта гістарычная падзея для беларускага тэатра, бо на падобных прафесійных форумах Беларусь прадстаўленая ніколі не была. І, у дадзеным выпадку, арганізатары першапачаткова закладвалі ў праграму ўдзел прадстаўнікоў нашай краіны, абапіраючыся на той уклад беларусаў у сусветны тэатральны кантэкст, які сёння становіцца ўсё больш прыкметным. Нашай задачай было адкрыць дзверы для тых беларускіх тэатральных калектываў, якія пойдуць следам, і якім заяўляць пра сябе ў міжнародным кантэксце будзе значна лягчэй. І другі, вельмі важны момант: першапачатковая задача, якую мы ўтрох (разам з Мікалаем Халезіным і Уладзімірам Шчэрбанем) закладвалі пры развіцці тэатра, - мы спрабуем стварыць новы твар краіны, каб пра Беларусь гаварылі не толькі як пра «апошнюю дыктатуру Еўропы», але як пра краіну, якая можа нават ва ўмовах несвабоды даваць міру новы, свежы погляд на сучаснае мастацтва», - сказала яна.
«Безумоўна, дадзенае запрашэнне - гэта даніна тэатральнай супольнасці акцёрам і ўсяму творчаму складу Свабоднага тэатра, людзям, якія з неверагоднай самааддачай займаюцца сваёй прафесійнай справай, пры гэтым, дэманструючы высокі мастацкі ўзровень. Дзякуючы гэтай самаахвярнасці, беларускія гледачы могуць бачыць пастаноўкі Свабоднага тэатра ў сябе на радзіме», - рэзюмавала Наталля Каляда.
У Дублін кіраўнікі Свабоднага тэатра прыляцелі з Лондана, дзе напярэдадні Форуму трыумфальна завяршыўся сэт паказаў спектакля «Trash Cuisine» на сцэне аднаго з вядучых брытанскіх тэатраў - Young Vic. Паказ 17-і спектакляў выклікаў пільную ўвагу гледачоў і тэатральных спецыялістаў не толькі Брытаніі, але і ўсяго свету. The Guardian, The Independent, The Telegraph, Whats on Stage, Arts Desk, і іншыя вядучыя выданні апублікавалі кампліментарныя рэцэнзіі на спектакль, які прайшоў пры перапоўненых залах. Арганізатары гастроляў вымушаныя былі прызначыць дадатковыя дзённыя спектаклі, на якія ўсе квіткі былі таксама распрададзеныя.
За час паказаў на спектаклях пабывала вялікая колькасць вядомых людзей: акцёры Джуд Лоў, Аджоа Анду, Сэм Уэст, Рут Уілсан, Амід Джалілі; драматургі Кэрыл Чэрчыл і Лора Уэйд; рэжысёр Майкл Атэнбора; танцоўшчык і харэограф Міхаіл Барышнікаў; мадэльеры Вівьен Вествуд і Джо Кор, кіраўнік еўрапейскага дэпартамента «Фэйсбук» Лорд Рычард Алан, іншыя вядомыя людзі мастацтва і грамадскія дзеячы.
«Наш тэатр змяняецца, ставячы задачы ўсё больш складаныя для выканання, і тое, што крытыка і сусветная тэатральная супольнасць адзначаюць гэта, не можа нас не радаваць. Пры гэтым, мы застаёмся рэалістамі, і разумеем, што гэта не падстава для паслаблення, - мы заўсёды будзем лічыць гэта толькі авансам, які павінны кожны дзень адпрацоўваць з максімальнай аддачай. Мяне вельмі радуе, што пачала прыносіць рэальны плён наша адукацыйная дзейнасць: у чатырох апошніх пастаноўках занятыя ўсе нашы студэнты тэатральнай лабараторыі Fortinbras, і яны дэманструюць той высокі ўзровень, які патрабуюць самыя прэстыжныя сусветныя пляцоўкі, на якіх нам даводзіцца выступаць», - пракаментаваў падзею рэжысёр спектакля і арт-дырэктар Свабоднага тэатра Мікалай Халезін.
У рамках выступленняў Свабоднага тэатра на сцэне Young Vic прайшлі дзве грамадскіх дыскусіі. Першая з іх, з удзелам Любові Кавалёвай, Анастасіі Дашкевіч і Ірыны Багданавай - тычылася бягучай сітуацыі ў Беларусі. Вёў яе адвакат, аўтар «Акту Магніцкага» Біл Браўдэр.
У другой прынялі ўдзел легендарная мадэльер Вівьен Вествуд, адвакат Клайв Стафард Сміт, які выратаваў ад смяротнага пакарання больш за 300 чалавек, і Наталля Каляда. Тут размова ішла пра ўплыў мастацтва на грамадскія працэсы і пра тое, наколькі людзі мастацтва могуць браць на сябе адказнасць за змены ў грамадстве. Пытанні для гэтай размовы збіраліся ў твітэры, і яна транслявалася анлайн. Дыскусію вёў Эндру Дыксан, кіраўнік дэпартамента мастацтваў газеты The Guardian.
Наступнае выпрабаванне для Свабоднага тэатра адбудзецца ў жніўні, калектыў ў другі раз прыме ўдзел у знакамітым Эдынбургскім фестывалі. На гэты раз са спектаклем «Trash Cuisine». Папярэдні ўдзел у гэтым прэстыжным тэатральным форуме са спектаклем «Менск'2011», у пастаноўцы Уладзіміра Шчэрбаня, прынёс тэатру Першы прыз фестывалю.
А ў верасні гэтага года адбудзецца вяртанне Свабоднага тэатра на сцэну легендарнага Шэкспіраўскага тэатра «Глобус», дзе калектыў прадставіць спектакль «Кароль Лір». Гэта адзін з трох спектакляў, якія вернуцца на сцэну «Глобуса» з праграмы перадалімпійскага тэатральнага фестывалю Globe to Globe, у якім прымалі ўдзел 37 тэатральных калектываў з усяго свету з 37 п'есамі Шэкспіра.
Фота: sallyfischerpr.com