Дарэнку ўручылі позву ў суд у прамым эфіры
- 19.06.2013, 9:46
Вядомы журналіст быў некалькі здзіўлены, калі ўбачыў супрацоўніка паліцыі ў студыі.
Сяргей Дарэнка выкліканы ў суд па пазове кіраўніка РЖД Уладзіміра Якуніна аб абароне гонару і годнасці, паведамляе «Эхо Москвы». Супрацоўнік паліцыі ўручыў яму позву прама ў студыі «Рускай службы навін» (РСН), дзе ён вёў ранішні эфір.
Вядомага журналіста, які нядаўна набыў кватэру ў цэнтры Менска і неаднаразова расхвальваў Лукашэнку, абвясціў у вышук Харошаўскі суд Масквы 28 траўня.
Праваахоўным органам было даручана знайсці Дарэнку і ўручыць позву з патрабаваннем з'явіцца ў якасці адказчыка па пазове кіраўніка РЖД.
Па словах адваката пазоўніка, Сяргей Дарэнка, абвінаваціўшы Уладзіміра Якуніна ў некалькіх супрацьпраўных дзеяннях, па невядомай прычыне, ухіляецца ад наведвання судовых пасяджэнняў.
Паводле пазову, 14 лістапада 2012 года ў праграме «Пад'ём» на радыё РСН вядучы Сяргей Дарэнка сваімі выказваннямі зганьбіў гонар і дзелавую рэпутацыю кіраўніка РЖД. У сувязі з гэтым Уладзімір Якунін патрабуе кампенсацыю ў памеры 80 тысяч рублёў. Адказчыкамі з'яўляюцца Сяргей Дарэнка і заснавальнік РСН - ТАА «Кантынент».
Фота: Сяргей Шахіджанян