Фанаты «Дынама» байкатуюць матч з-за міліцэйскага самавольства
- 19.06.2013, 13:19
Заўзятары заявілі пра байкот матчу з ФК «Менск».
Яны тлумачаць свае дзеянні «прадузятым стаўленнем» з боку супрацоўнікаў міліцыі і адсутнасцю нармальнай інфраструктуры на стадыёне. Афіцыйная заява фанатаў менскага «Дынама» размешчаная на іх старонцы ў сацыяльнай сетцы «Вконтакте».
«Мы, актыўныя фанаты «Дынама-Менск», заяўляем пра байкатаванне намі матчу 13 тура Чэмпіянату Беларусі з футбольным клубам «Менск». Дадзенае рашэнне прынятае ў сувязі з мерамі забеспячэння парадку, якія прымаюцца супрацоўнікамі міліцыі на матчах. Нам бачацца незразумелым і нелагічным перапіс пашпартынх дадзеных пры ўваходзе на сектар, які стаў нормай у апошні час і ў некалькі разоў запавольвае і без таго не хуткую працэдуру надгляду, правіла выхаду з хатняга фанацкага сектара толькі ў абумоўлены час пад канвоем, утрымліванне фанатаў на стадыёне пасля матчу (і гэта пры мізэрным узроўні наведвальнасці стадыёнаў і каласальнай колькасці супрацоўнікаў міліцыі, якія абслугоўваюць матч)», - гаворыцца ў заяве.
Футбольныя заўзятары заявілі, што вышэйпералічаныя меры прыраўноўваюць наведванне футбола да добраахвотнай здачы на некалькі гадзін у выпраўленчую зону з рызыкай падоўжыць сваё знаходжанне там да некалькіх сутак.
«Мы аддаём сабе справаздачу, што гэтым байкотам наступаем на старыя граблі. Але калі на беларускіх стадыёнах няма годнай інфраструктуры, а ў заканадаўстве «патрэбных» пунктаў, то ўжо прайшло дастаткова часу, каб пачаць прымаць хоць нейкія меры па паляпшэнні сітуацыі. Натуральна, у першую чаргу фанаты хочуць да сабе роўнага стаўлення - як да грамадзян сваёй краіны і спажыўцоў, якія спраўна аплачваюць наведванні спартыўных мерапрыемстваў. Яны не хочуць быць людзьмі другога гатунку і патэнцыйнымі злачынцамі ў вачах тых жа супрацоўнікаў міліцыі. Пара б ужо зразумець, што футбол - гэта спорт і заўсёды непарыўна звязаны з эмоцыямі, а непрафесіяналізм і эмоцыі адмоўнага толку з боку асоб, якія адказваюць за правапарадак - спараджаюць рэакцыю ў адказ», - заяўляюць фанаты «Дынама».
Заўзятары папрасілі прабачэння за свой «вымушаны» крок перад камандай.
Футбольныя фанаты не ўпершыню пратэстуюць супраць дзеянняў міліцыі на стадыёнах. У сакавіку яны звярнулася з адкрытым лістом да старшыні БФФ Сяргея Румаса і спецыяліста па працы з заўзятарамі Ігара Бяльковіча. У лісце заўзятары клубаў вышэйшай і першай ліг выклалі прапановы па паляпшэнні арганізацыі фан-сектараў на матчах чэмпіянату Беларусі.
«Адна з самых вялікіх праблем, з якой мы сутыкаемся, - стаўленне міліцыі да фанатаў. Кожны фанат, які хоць раз наведваў фан-сектар, сутыкаўся з неадэкватным даглядам, які даводзілася праходзіць не адзін раз. Многія ведаюць, што такое распранацца на марозе, стаяць басанож на халоднай зямлі. Асабліва востра праблема стаіць пры наведванні выязных матчаў любімай каманды. Жорсткі дагляд на ўваходзе правакуе нас на дзеянні ў адказ на трыбунах. Мы ўпэўненыя, калі супрацоўнікі правапарадку будуць паводзіць сябе з намі адэкватна, мы адкажам тым жа», - гаворыцца ў лісце.
У красавіку супрацоўнік магілёўскага АМАПу збіў фаната менскага «Дынама». Нагодай стала тое, што ў маладога чалавека былі знойдзеныя стыкеры клуба. Затрыманаму было нанесена некалькі удараў. Пры спробе патэлефанаваць і паведаміць пра тое, што адбываецца, міліцыянт працягнуў збіваць затрыманага.