Генадзь Фядыніч: Гатовыя дапамагчы будаўнікам змагацца за адпачынкі
- 19.06.2013, 16:49
Лідар РЭП засмяяўся, пачуўшы, што «імем мадэрнізацыі» будаўнічай галіны Ладуцька «рэкамендаваў» менскім будаўнікам не браць адпачынак летам.
У аўторак кіраўнік сталічнай вертыкалі на аператыўнай нарадзе нагадаў, што Аляксандр Лукашэнка 14 чэрвеня звярнуў увагу на наяўнасць вялікай колькасці праблем у будаўнічай сферы ў Менску.
Ладуцька настойліва рэкамендаваў у верасні ўвесці ў эксплуатацыю дамы, тэрміны будаўніцтва якіх зацягнуліся, а таксама правесці паскораную мадэрнізацыю будаўнічай галіны, піша «Салідарнасць».
- Усе гэтыя мерапрыемствы павінны быць праведзеныя на працягу двух месяцаў, таму не рэкамендую кіраўнікам ў гэты перыяд, не выканаўшы ўсе патрабаванні, якія пастаўленыя перад сістэмай, думаць пра адпачынак і адпускаць сваіх супрацоўнікаў, - даручыў старшыня Менгарвыканкама.
- Рабочыя не вінаватыя, што будаўніцтва зацягнулася, - заявіў Генадзь Фядыніч. - Ім выгадна працаваць, а не прастойваць. Сапраўды, па Менску вялікая праблема - шмат недабудаваных дамоў. А людзі тут прычым?
На думку Фядыніча, распараджэнне Ладуцькі супярэчыць Працоўнаму Кодэксу.
- Я разумею, што яму трэба выконваць пастаўленую Лукашэнкам задачу. Але забараніць (а рэкамендацыі ўладаў успрымаюцца беларускімі наймальнікамі менавіта як забарона) людзям хадзіць у адпачынак - гэта нонсэнс!
Не ваенны час, хлопцы. Дзе вы былі раней? Чаму да гэтага Ладуцька не кантраляваў тэрміны здачы аб'ектаў? Такія службы вялікія ва УКСах! Што за праблема? Што перашкаджала раней будаваць? Не, каб разабрацца і знайсці вінаватых, а тут атрымліваецца, крайнімі апынуліся муляр, тынкоўшчык, абліцоўшчык, бетоншчык... Ладуцьку я б параіў перагледзець аплату працы будаўнікоў і коштаўтварэнне ў Менску на метр квадратны жылля - вось тады ён заслужыў бы павагу людзей.
Будаўнікоў і так не хапае. Рабочыя масава з'ехалі ў Расею. Падымайце ім заробак - вернуцца.
Генадзь Фядыніч заявіў, што прафсаюз РЭП гатовы дапамагаць будаўнікам, якім наймальнік адмовіў у прадастаўленні адпачынку, спасылаючыся на распараджэнне гарадскіх уладаў.
- Мы б тут жа ў суд падалі і выйгралі.