BE RU EN

Камітэт Еўрапарламента абмеркаваў сітуацыю ў Беларусі і Азербайджане

  • 19.06.2013, 21:41

У якасці спікераў у беларускім пытанні ў Камітэце правоў чалавека ў Еўрапарламенце выступілі праваабаронцы Алена Танкачова і Уладзімір Лабковіч.

«Мы распавялі аб нашай ацэнцы сітуацыі з выкананнем правоў і свабодаў у Беларусі, а таксама выказалі свае рэкамендацыі наконт таго, як можа быць палепшаная камунікацыя паміж еўрапейскімі інстытутамі і інстытутамі ААН у дачыненні да сітуацыі з правамі чалавека і дэмакратыяй у Беларусі», сказала ў інтэрв'ю «Радыё Свабода» старшыня грамадскага аб'яднання «Цэнтр прававой трансфармацыі» Алена Танкачова пасля пасяджэння Камітэта.

Яна заявіла, што беларускія праваабаронцы падтрымалі высновы і рэкамендацыі, зробленыя ў справаздачы спецдакладчыкам Рады ААН у пытаннях правоў чалавека Міклаша Харашці.

«Мы мяркуем, што еўрапейскія структуры павінны ўзмацніць узаемадзеянне з спецдакладчыкам і ў пытанні ацэнкі сітуацыі з правамі чалавека абапірацца менавіта на высновы і рэкамендацыі, якія ім робяцца. Мы таксама звярнулі ўвагу на тое, што шэраг спецдакладчыкаў Рады правоў чалавека ААН , у тым ліку ў пытаннях катаванняў, СМІ, свабоды асацыяцый і сходаў, адвольных затрыманнях прасілі беларускія ўлады аб магчымасці прыехаць у краіну для азнаямлення з сітуацыяй, але ім гэтай магчымасці не даюць. Мы мяркуем, што патрабаваць іх запрашэння ў Беларусь варта ўсімі магчымымі спосабамі», - сказала яна.

На пасяджэнні прысутнічаў дакладчык Еўрапарламента аб сітуацыі ў Беларусі Юстас Палецкіс.

«Мы таксама звярнуліся да ягонага даклада. Палецкіс прадэманстраваў здольнасць да камунікацыі з прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасці. На сёння тыя заўвагі і крытыка, якія былі выказаныя ў першым праекце ягонага дакладу, ужо знайшлі сваё адлюстраванне ў дакуменце», - сказала Алена Танкачова.

Паводле ейных слоў, прадстаўнікі Азербайджана падчас пасяджэння звярнулі ўвагу на падабенства іх сітуацыі з беларускай, казалі аб палітычных зняволеных, адсутнасці свабоды слова, сходаў і асацыяцый.

«Яны адзначылі, што гэтыя працэсы ў іх знаходзяцца ў фазе абвастрэння, як гэта адбылося ў Беларусі ў снежні 2010 года. Цяпер у Азербайджане аналагічная, на іх думку, сітуацыя ў сувязі з набліжэннем выбараў», - сказала кіраўніца «Цэнтра прававой трансфармацыі» Алена Танкачова.

Апошнія навіны