Латвія пераканала Еўракамісію ў гатоўнасці пераходу на еўра
- 5.06.2013, 13:21
Еўракамісія ў сераду падтрымае ўступленне Латвіі ў еўразону, адзначыўшы пры гэтым высокую долю ўкладаў нерэзідэнтаў з Расеі ў латвійскім банкаўскім сектары.
Пра гэта паведамляе The Financial Times.
Нягледзячы на гэтыя асцярогі Еўракамісія ў дзевяцістаронкавым заключэнні аб канвергенцыі, якое ёсць у распараджэнні брытанскай газеты, адзначае, што Латвія выканала ўсе крытэры ўвядзення еўра і можа ўступіць у еўразону 1 студзеня 2014 года, піша NEWSru.com.
У канцы красавіка аб'ём укладаў нерэзідэнтаў у Латвіі складаў 49%, што, па стандартах ЕЗ, лічыцца высокім узроўнем. Аднак, як адзначае Еўракамісія, аб'ём укладаў нерэзідэнтаў у Латвіі заставаўся стабільным увесь час з пачатку крызісу. Няма таксама дадзеных аб тым, што ў Латвію ў вялікім аб'ёме паступаюць уклады нерэзідэнтаў з кіпрскіх банкаў.
Латвія падала афіцыйную заяўку на далучэнне да зоны еўра ў сакавіку гэтага года. Калі гэтая заяўка будзе ўхваленая, краіна стане 18-м членам еўразоны. Уступленне Латвіі ў еўразону бачыцца вышэйшаму органу выканаўчай улады ЕЗ спосабам павысіць прывабнасць адзінай еўрапейскай валюты.
Эканоміка Латвіі сур'ёзна пацярпела ў выніку фінансавага крызісу 2008-2010 гадоў, падзенне ВУП дасягала 20%. Урад увёў меры па скарачэнні дзяржаўных выдаткаў, і гэта спрыяла аднаўленню эканомікі. Тэмпы эканамічнага развіцця Латвіі цяпер - адны з самых высокіх у ЕЗ.
У дакуменце гаворыцца, што Латвія адказвае ўсім патрабаванням удзелу ў валютным звязе - па абмежаванні інфляцыі (мінус 0,4% год да года ў траўні 2013 года) і доўгатэрміновых адсоткавых ставак, стабільнасці валютнага курса (прывязка да еўра) і параметрах дзяржаўнай пазыкі і дэфіцыту бюджэту .
Латвія выканала адну з самых жорсткіх еўрапейскіх праграм эканоміі, пасля таго як крызіс 2008-2009 гадоў пазбавіў яе 18% ВУП, нагадвае газета «Коммерсант». Так, краіна скараціла дэфіцыт бюджэту ніжэй столі ЕЗ (3% ВУП), знізіўшы яго да 1,2% ВУП у 2012 годзе, а дзяржаўная пазыка краіны складае 41% ВУП пры абмежаванні ЕЗ у 60%.
Паўднёвы сусед Латвіі, Літва, верагодна, стане наступным членам еўразоны з 2015 года. Трэцяя прыбалтыйская краіна, Эстонія, далучылася да валютнага звязу краін ЕЗ у 2011 годзе.