У працоўныя лагеры адправяць паўтары тысячы дзяцей
- 5.06.2013, 13:58
Дзеці будуць атрымліваць заработную плату «ў залежнасці ад магчымасцяў прадпрыемстваў і арганізацый».
На прэс-канферэнцыі 5 чэрвеня начальнік прадстаўніцтва Менскага гарадскога ўпраўлення Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні Валерый Нафрановіч паведаміў, што ў гэтым годзе ў Менску пасля працяглага перапынку адноўленая праца летніх працоўных лагераў для падлеткаў, піша БелаПАН.
Па яго словах, дадзеная форма летніх лагераў для школьнікаў адраджаецца пасля амаль 30-гадовага перапынку і звязаная з устанаўленнем узроставага цэнзу для накiравання дзяцей у загарадныя аздараўленчыя лагеры - 6-14 гадоў. «Для школьнікаў 15-18 гадоў у гэтым годзе будзе адкрыта 28 лагераў працы і адпачынку, у якія запланавана прыцягнуць 1,5 тыс. дзяцей», - сказаў Нафрановіч.
Спецыяліст адзначыў, што дзеці будуць працаваць у школах і на такіх прадпрыемствах, як «Менскзеленбуд», агракамбінат «Ждановічы», у заапарку і на прамысловых прадпрыемствах горада. У іх абавязкі будзе ўваходзіць уборка тэрыторый і памяшканняў, пасадка і догляд за раслінамі, добраўпарадкаванне, рамонт школьных памяшканняў і мэблі. Дзеці будуць атрымліваць заработную плату «ў залежнасці ад магчымасцяў прадпрыемстваў і арганізацый». Змена разлічаная на 18 дзён.
«Жаданне ў школьнікаў і іх бацькоў трапіць у гэтыя лагеры ёсць, і водгукі аб гэтай ініцыятыве станоўчыя. У наступным годзе мы плануем адкрыць такія лагеры і за горадам на базе сельскагаспадарчых прадпрыемстваў», - сказаў Нафрановіч.
Ён паведаміў, што ў гэтым годзе для менскіх школьнікаў будзе працаваць 37 загарадных, 366 гарадскіх і каля 200 палатачных і профільных аздараўленчых лагераў. У загарадных лагерах запланавана аздаравіць больш 31 тыс. школьнікаў, у гарадскіх - 28 тыс.